Курбан-Байрам бяз твараў

Your browser doesn’t support HTML5

26 кастрычніка мусульмане ўсяго сьвету адзначаюць сьвята прынашэньня ахвяры Курбан-Байрам.
«Свабода» наведала традыцыйныя ўрачыстасьці ў мястэчку Сьмілавічы (Менская вобласьць). Журналістаў папрасілі не здымаць твары ўдзельнікаў сьвяткаваньня.

Імам Руслан абу Ахмад Багдановіч патлумачыў, што рабіць чалавечыя выявы лічыцца ўпадабленьнем Богу і грахом.

У Сьмілавічах жыве каля 20 мусульманскіх сем’яў, паведаміў Руслан абу Ахмад Багдановіч. Іншыя вернікі прыехалі ў сьмілавіцкую мячэць зь Менску.

Раніца Курбан-Байрама пачалася з малітвы — намазу. У мячэці мужчыны і жанчыны моляцца паасобку. Абавязковая частка сьвята — уласна курбан-байрам, то бок ахвяраваньне. У Сьмілавічах зарэзалі чатырох бараноў. Зь мяса мужчыны згатавалі сьвяточны плоў.

Паводле апошняга перапісу насельніцтва 2009 году, у Беларусі жыве каля 20 тысяч пасьлядоўнікаў ісламу. Зарэгістраваныя супольнасьці існуюць у Берасьці, Горадні, Магілёве, Гомелі, Менску і ў некаторых раённых гарадах.

Курбан-Байрам у Сьмілавічах