Беленькі: Беларусам кінуты выклік. Масавасьць «Дзядоў» стане адказам

Юрась Беленькі

28 кастрычніка Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ арганізоўвае ў Менску шэсьце і мітынг, прысьвечаныя Дню памяці продкаў — Дзяды. Ці будуць нейкія асаблівасьці ў сёлетнім адзначэньні Дзядоў у сувязі з будаўніцтвам каля Курапатаў забаўляльна-рэстараннага комплексу «Бульбашъ Холл»? На гэтае пытаньне адказвае намесьнік старшыні КХП-БНФ Юрась Беленькі.
Беленькі: «Праз Курапаты часам, як праз прызму, мы можам бачыць, як пераламляецца і сьвядомасьць нашага грамадзтва. Часам Курапаты выпрабоўваюць, гэта як лякмусавая папера.

Зьяўленьне гэтай пабудовы ня ёсьць нечаканасьцю. Сама гэтая пабудова, па вялікім рахунку, ня шкодзіць Курапатам, бо не парушаныя тыя нормы, якія закладзеныя ў зоне рэгуляваньня. Гаворка пра іншае — чым будзе напоўненая гэтая пабудова і якая форма яе ў выглядзе той шыльды, якую мы абмяркоўваем.

Беларусам напярэдадні Дзядоў кінулі пальчатку, зрабілі выклік. Таму я ў дадзенай сытуацыі рэкамэндаваў бы ўсім праявіць вытрымку і годна правесьце шэсьце і мітынг на Дзяды. Пры гэтым колькасьць людзей, якія прыйдуць на шэсьце, і стане адказам на гэты выклік. Таму я б сказаў так: давайце пакажам, што мы — нацыя, што мы можам салідарна даваць адпор такім зьнявагам. А дзеля гэтага прыходзьце на Дзяды».