Сярэдняя пэнсія ў лістападзе наблізіцца да двух мільёнаў

Пачынаючы зь лістапада, памер пэнсіі ў сярэднім павялічыцца на 14,7%.
Пра гэта паведамляе БЕЛТА з спасылкай на намесьніка міністра працы і сацыяльнай абароны Віктара Кавалькова.

Пра тое, што пэнсія ўзрасьце з лістапада, было вядома ўжо даволі даўно. Але канкрэтны памер павелічэньня выплатаў да сёньняшняга дня афіцыйна не называўся. Паводле разьлікаў спэцыялістаў міністэрства, сярэдняя пэнсія па ўзросьце цяпер будзе складаць 1 мільён 964 тысячы 300 рублёў.

Калі параўноўваць пэнсію ў Беларусі зь іншымі краінамі, то яна выглядае невысокай. Практычна ўсе нашы суседзі знайшлі магчымасьць выплачваць сваім пэнсіянэрам значна большыя сумы грошай.