Валер Булгакаў аштрафаваны на 500 тысяч рублёў

Валер Булгакаў

Гаспадарчы суд Гарадзенскай вобласьці аштрафаваў Валера Булгакава на 5 базавых велічынь. Таксама канфіскаваны ўвесь прыбытак ад продажу часопіса «Архэ» на агульную суму 875 тысяч рублёў.
Абвінавачаньне — незаконная прадпрымальніцкая дзейнасьць.

Суд таксама пастанавіў сканфіскаваць затрыманыя ў Булгакава выданьні ў лічбе 194, ацэненыя больш як на шэсьць мільёнаў рублёў коштам.

14 верасьня Валер Булгакаў прыехаў у Горадню, каб прадставіць новую кнігу з сэрыі часопіса «Arche» «Саветызацыя Заходняй Беларусі» аўтарства гісторыка Яна Шумскага.

На сустрэчу прыйшлі супрацоўнікі падатковай інспэкцыі і зрабілі «кантрольную закупку». Пасьля гэтага яны сканфіскавалі каля двухсот асобнікаў часопіса і кніг, на якія не было накладных.