Палата прадстаўнікоў абярэ сваё кіраўніцтва

Зала пасяджэньняў Палаты прадстаўнікоў

18 кастрычніка дэпутаты Палаты прадстаўнікоў пятага скліканьня на сваім першым пасяджэньні абяруць кіраўніцтва ніжняй палаты Нацыянальнага сходу.
Ранейшыя кіраўнікі — старшыня Ўладзімер Андрэйчанка і ягоны намесьнік Віктар Гумінскі — дарэчы, таксама ўвайшлі і ў цяперашні склад палаты. Таму нельга выключаць і такога варыянту, пры якім яны застануцца на сваіх ранейшых пасадах.

Першае пасяджэньне традыцыйна адкрывае старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі.

Выбары ў Палату прадстаўнікоў прайшлі 23 верасьня. Падчас іх абраныя 109 са 110 дэпутатаў. Многія ўплывовыя міжнародныя арганізацыі адзначылі, што выбары ў Беларусі не адпавядалі дэмакратычным стандартам правядзеньня выбарчых кампаніяў.

Плянуецца, што на першым пасяджэньні будзе прысутнічаць дэлегацыя Дзярждумы Расеі на чале зь першым намесьнікам старшыні Думы Іванам Мельнікавым.