Чым выклікана актыўнасьць Лукашэнкі?

Заўважана: Аляксандар Лукашэнка апошнім часам значна падвысіў сваю актыўнасьць у стасунках з заходнімі і расейскімі мэдыямі. Чым гэта выклікана? На гэтае пытаньне «Свабоды» адказваюць аналітыкі і палітолягі.

Аляксей Кароль: «Гэта рэакцыя на зьмены людзей у іх стаўленьні да ўладаў»

«Думаю, што гэта ёсьць рэакцыя на адчуваньне перамены грамадзкіх настрояў і адносінаў да улады. Ёсьць трывога, што людзі не задаволеныя сваім матэрыяльным станам, што зноў будзе абвал беларускага рубля. Гэта і трывога за сваю будучыню, за свой заўтрашні дзень.

Я думаю, што для Лукашэнкі не засталася таямніцай і сапраўдная яўка на выбарчыя ўчасткі. На ўчорашняй прэсавай канфэрэнцыі ён прызнаўся, што ўжываў адміністратыўны рэсурс, каб загнаць людзей на матч з Гішпаніяй. Мне падаецца, гэта і прызнаньне таго, што адміністратыўны рэсурс ужываўся, каб загнаць людзей да ўрнаў. Але яны не ішлі».


Мацкевіч: «Цяжкасьці заўсёды вымушаюць мабілізаваць піяраўскую актыўнасьць»

«Думаю, гэта найперш зьвязана з тымі цяжкасьцямі, якія чакаюць правячы рэжым пасьля парлямэнцкіх выбараў, гэтай зімою. А цяжкасьці заўсёды вымушаюць мабілізаваць піяраўскую актыўнасьць. Як толькі ў палітыкаў альбо дзяржаўных дзеячаў нешта не выходзіць, ім трэба патлумачыць усім навокал, што так і было задумана, што так і трэба».