Чаму адпусьцілі Самуцэвіч

Удзельніцы расейскага панк-гурту Pussy Riot Кацярыне Самуцэвіч, асуджанай у жніўні на два гады за «хуліганства» ў храме Хрыста Збаўцы, рэальны тэрмін быў заменены на ўмоўны «ў сувязі зь яе неістотнай роляй у акцыі», растлумачылі судзьдзі Масгарсуду, якія разглядалі скаргу на прысуд.
Самуцэвіч, як падкрэсьліў адзін з судзьдзяў, ня зьдзейсьніла абразьлівых дзеяньняў, паколькі яе пасьпелі затрымаць каля ўваходу.

У ходзе разгляду касацыйнай скаргі 10 кастрычніка прысуд Кацярыне Самуцэвіч быў зьмякчаны, і яна была вызваленая ў зале суду.

Прысуд дзьвюм іншым удзельніцам акцыі - Марыі Алёхінай і Надзеі Талаконьнікавай - застаўся ў сіле.