Ці паедзе афіцыйная дэлегацыя віншаваць Чавэса, пакуль не вядома

Уга Чавэс

10 кастрычніка Уга Чавэса павінны афіцыйна абвясьціць пераможцам на выбарах прэзыдэнта Вэнэсуэлы.
«Пакуль інфармацыі пра накіраваньне афіцыйнай дэлегацыі Беларусі ў Вэнэсуэлу МЗС ня мае. Калі такая інфармацыя будзе і мы палічым патрэбным, то, безумоўна, праінфармуем», — заявіў «Свабодзе» прэсавы сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Андрэй Савіных.

Выбары кіраўніка Вэнэсуэлы прайшлі 7 кастрычніка.

Чавэс набраў 55% галасоў выбарцаў, а ягоны супернік, адзіны кандыдат ад апазыцыі Энрыке Капрылес — 44,3%.

Чавэс ужо прапанаваў Капрылесу працаваць разам, каб вырашаць задачы, якія стаяць перад Вэнэсуэлай.


Лукашэнка страціў сон

Аляксандар Лукашэнка павіншаваў Уга Чавэса зь перамогай позна вечарам 8 кастрычніка.

Як паведаміла прэсавая служба Лукашэнкі, у адказ Чавэс сказаў: «Я прысьвячаю гэтую перамогу табе і нашаму беларускаму народу».

Гаворачы пра прэзыдэнцкую кампанію ў Вэнэсуэле, Лукашэнка заявіў: «Нават нам ёсьць чаму вучыцца на гэтых выбарах».

Кіраўнік Беларусі таксама прызнаўся, што калі адбывалася галасаваньне на выбарах (у Беларусі тады была ноч), ён страціў сон.

«Ня ведаю, як у вас, а ў мяне ноч была бяссоннай у сувязі з выбарамі ў Вэнэсуэле. Я вельмі рады перамозе нашага сябра Уга Чавэса», — заявіў пазьней Лукашэнка.

Ад 1999 году 58-гадовы Уга Чавэс — нязьменны прэзыдэнт Вэнэсуэлы.

У 2009 годзе Чавэс правёў рэфэрэндум, які скасаваў абмежаваньні для аднаго і таго ж чалавека займаць выбарныя пасады некалькі разоў запар. Былы вайсковец Чавэс, перш чым заняць пасаду прэзыдэнта, адседзеў у турме пасьля няўдалай спробы дзяржаўнага перавароту ў 1992-м годзе.