Парк у Карлавых Варах назвалі імем Анны Паліткоўскай

Анна Паліткоўская

У Карлавых Варах на захадзе Чэхіі мясцовыя ўлады пастанавілі назваць цэнтральны парк імем забітай у Маскве ў 2006 годзе расейскай журналісткі Анны Паліткоўскай.

Ініцыятарам прысуджэньня парку імя Паліткоўскай стала вядомая чэская няўрадавая арганізацыя «Чалавек у бядзе». Адзін з кіраўнікоў гэтай арганізацыі Марэк Свобада заявіў, што сёньняшняя падзея дэманструе падтрымку чэскім грамадзтвам вальнадумства і ідэалаў абароны правоў чалавека.