Што даў апазыцыі ўдзел у выбарах «да канца»?

Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына паведаміла, што выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў адбыліся ва ўсіх акругах у першым туры і што абрана 109 дэпутатаў з 110. Не абраны толькі дэпутат у Гомельскай-Навабеліцкай акрузе, дзе безальтэрнатыўна балятаваўся сябар ЛДПБ.

Ярмошына зазначыла, што ня можа назваць партыйную прыналежнасьць новаабраных дэпутатаў, але выказала сумнеў, што хтосьці з апазыцыі трапіў у Палату прадстаўнікоў.

Пасьля зьняцьця з выбарчай кампаніі кандыдатаў ад АГП і Партыі БНФ апазыцыю ў выбарчых бюлетэнях прадстаўлялі каля 60 чалавек: 28 сябраў Партыі левых «Справядлівы сьвет», 11 прадстаўнікоў «Грамады», 12 кандыдатаў падтрымлівала кампанія «Гавары праўду», яшчэ 11 — рух «За свабоду». Паводле папярэдніх зьвестак, ніхто зь іх не атрымаў мандат дэпутата Палаты прадстаўнікоў.

Адзін зь лідэраў партыі левых «Справядлівы сьвет» Валеры Ўхналёў сам быў кандыдатам у менскай Коласаўскай выбарчай акрузе № 106. Паводле папярэдніх зьвестак, ён атрымаў там каля 10 працэнтаў галасоў, а перамог у першым туры праўладны кандыдат, загадчык паліклінікі Дзьмітры Шаўцоў.

Спадар Ухналёў лічыць, што вынік выбараў быў прадказальным:

Валеры Ўхналёў

«Усё гэта фарс, і ніякіх выбараў увогуле не было. Па Менску ў нас зафіксаваныя прыклады, калі старшыні камісій мяняюць пратаколы, якія яны здаюць у акруговыя камісіі пасьля наведваньня адміністрацыі раёну. Таму казаць, што тыя вынікі, пра якія казала Ярмошына і Лазавік, адпавядаюць таму, як людзі галасавалі, не даводзіцца».

Паводле спадара Ухналёва, вынік для партыі «Справядлівы сьвет» таксама нэгатыўны — ніводнага мандата.

«Трэба сказаць, што гэтыя выбары нават у параўнаньні з выбарамі 2008 году ўлада зрабіла больш груба і нахабна і беспардонна».

Ці быў сэнс браць удзел у такіх выбарах? Спадар Ухналёў перакананы, што так, сэнс быў:

«Удзел апазыцыйных прадстаўнікоў да моманту галасаваньня, тое, што іх прозьвішчы былі ў бюлетэнях, я лічу, што гэта дало вялікі рух у працы зь людзьмі».

Ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» ў выбарах узялі ўдзел 11 кандыдатаў. Інфармацыі пра іх абраньне таксама няма. Вынік ацэньвае лідэр партыі Ірына Верштадт:

«Я ў вынік станоўчы, у тым сэнсе, каб мець абраных дэпутатаў ад партыі, ня верыла».

Юрась Губарэвіч

Намесьнік старшыні Руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч перакананы, што мэханізм дасягненьня патрэбнага ўладам выніку ніяк не зьмяніўся:

«Улада робіць стаўку на фальсыфікацыі, аднак падчас гэтых выбараў ёй яшчэ давялося змагацца з апатыяй грамадзтва, адсутнасьцю яўкі. Мы бачым, што беларускі рэжым не зацікаўлены нават у касмэтычных зьменах, якія маглі б адбыцца праз допуск у парлямэнт прадстаўнікоў грамадзтва з альтэрнатыўнай думкай. Усё гэта вядзе да ўзмацненьня аднаасобнай улады Аляксандра Лукашэнкі і немагчымасьці нават большасьці беларускага грамадзтва мець сваіх прадстаўнікоў у дзейнай уладзе».

Андрэй Дзьмітрыеў

У кампаніі «Гавары праўду» вынікі выбараў зьбіраюцца падводзіць толькі ў панядзелак раніцай, у пасьлявыбарчую ноч актывісты вырашылі спаць, а не чакаць зьвестак з акруг, паколькі там ня лічаць прамінулую кампанію выбарамі, зазначыў Андрэй Дзьмітрыеў, адзін зь лідэраў «Гавары праўду»:

«Мы пайшлі на выбары каб прад’явіць сябе, прад’явіць альтэрнатыву, прад’явіць новыя твары, каб застацца потым пасьля выбараў. У панядзелак у нас будзе скайп-нарада аб наступных кроках і дзеяньнях, што мы будзем рабіць. А тое, што ў нядзелю намалявалі яўку, а потым намалявалі вынікі — гэта іншае паралельнае жыцьцё, у якім мы ня ўдзельнічаем».