Вярхоўны суд пакінуў прысуд Бяляцкаму ў сіле

Вярхоўны Суд адмовіўся зьмяніць прысуд, вынесены Алесю Бяляцкаму судом Першамайскага раёну Менску 24 лістапада 2011 году.
Рашэньне суду Алесь Бяляцкі атрымаў у калёніі. Ён паведаміў пра гэта у лісьце намесьніку старшыні Праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянціну Стэфановічу.

Вярхоўны Суд палічыў, што расьсьледаваньне справы Бяляцкага было ўсебаковым, а прысуд — справядлівым. Адказ падпісаў намесьнік старшыні Вярхоўнага Суду Валерый Калінковіч.

Сайт ПЦ «Вясна» адзначае, што скарга ад імя Алеся Бяляцкага прынятая Камітэтам па правах чалавека ААН 19 чэрвеня 2012. У ёй праваабаронца абскарджвае парушэньні Рэспублікай Беларусь правоў, якія гарантаваныя Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах. Скарга ўжо накіраваная Камітэтам беларускай дзяржаве, якая мусіць адрэагаваць на яе на працягу шасьці месяцаў ад моманту атрыманьня.