Рыгор Барадулін: «І палітычная гайданка не разгайдала канчаткова аўтарытэт Максіма Танка»

Максім Танк з жонкай Любоўю. 1947 г. З асабістага фонду М. Танка ў БДАМЛМ

У пару сваёй жыцьцёвай і творчай сталасьці Максім Танк быў першым сакратаром, а пасьля старшынёй Саюзу пісьменьнікаў Беларусі, абіраўся дэпутатам і старшынёй Вярхоўнага Савету БССР. Пра гэты пэрыяд жыцьця сёньняшняга юбіляра прыгадвае народны паэт Рыгор Барадулін.
«Сто гадоў Максіму Танку — аж ня верыцца. Здаецца, учора я бачыў яго ў прэзыдыюмах розных зьездаў, пленумаў, і было такое ўражаньне, што ён ня слухаў, седзячы там, нічога і не зьвяртаў увагі ні на што навокал, а пісаў свае вэрлібры. Творчасьць Максіма Танка — гэта цэлая эпоха ў нашай паэзіі, і яшчэ доўга будзе ягоная паэзія жыць. Я некалі пісаў яму такія радкі:

І палітычная гайданка
Не разгайдала канчаткова
Аўтарытэт Максіма Танка.
Стараўся ж не безвынікова
Быць у застольныя часы
Паэтам чыстае красы
І, часам плоцячы даніну,
Прыгожую захоўваў міну.

Хай яго слова будзе гучаць доўга».