«Калі забудзеш, адкуль твой род, прыйдзе дзядзька Арлоў і надае па ...»

Уладзімер Арлоў і Зьміцер Герасімовіч

13 верасьня ў менскай кнігарні «Кніжны салён» прайшла аўтограф-сэсія Уладзімера Арлова і мастака Зьмітра Герасімовіча.
У кнізе «Вялікае княства Літоўскае. Ілюстраваная гісторыя» Уладзімер Арлоў і Зьміцер Герасімовіч сьцьвярджаюць: беларусы — гэта эўрапейцы. Таму і подпіс да яе — «зь верай, што эўрапейская гісторыя абавязкова прывядзе ў эўрапейскую будучыню».

«У кніжцы паказаны эўрапейскі кантэкст, пра гэта сьведчыць уся кніжка. Таму гэта нават не пажаданьне, а факт», — кажа Зьміцер Герасімовіч і дадае: — Я заўжды хвалююся, калі падпісваю кніжку: ці першую, ці дзесятую. Мой подпіс заўжды экспромт".

Прыдумляць цікавыя аўтографы Уладзімера Арлова натхняюць ягоныя чытачы. У аснову подпісаў кладзецца ўсё: пытаньні пад час прэзэнтацый, імёны і прозьвішчы людзей.

«Здараліся розныя гісторыі. Калі была прэзэнтацыя дзіцячай кніжкі «Адкуль наш род», падышоў да мяне дзядуля і кажа: «Спадар Арлоў, падпішыце, калі ласка, майму ўнуку Арцёму менавіта так, як тут падпісана на паперцы. На паперцы было напісана: „калі забудзеш, адкуль твой род, прыйдзе дзядзька Арлоў і надае па срацы“. Я падпісаў. Потым гэты ўнук Арцём прыходзіў і мне гэту кніжку паказваў. У яго самога хутка дзеці будуць», — расказаў пісьменьнік.

Уладзімер Арлоў выдаў дзесяткі кніг і раздаў сотні аўтографаў. У інтэрвію «Свабодзе» ён прызнаўся: калі-небудзь напіша цэлае эсэ пра тое, што даводзілася пісаць на памяць чытачам. Балазе просьбы ад некаторых аматараў ягонай творчасьці былі вельмі незвычайнымі:

«Калі прэзэнтавалася кніжка «Дзесяць вякоў беларускай гісторыі», падышоў чалавек і кажа: «Падпішыце для маёй жонкі. У мяне будзе як бы падарунак і алібі, што я быў у Вас на прэзэнтацыі». Я ёй напісаў пажаданьні каханьня і незалежнасьці. Ён прачытаў, кажа: «Не, так ня пойдзе. Яна мая жонка, незалежнасьці ёй нельга жадаць. Яна павінна быць залежнай ад мяне. Закрэсьліце „незалежнай“, пажадайце ёй яшчэ што-небудзь».