Менскую «Асмалоўку» прапанавалі ўзяць пад ахову дзяржавы

Нізкапавярховая Асмалоўка патанае ў зеляніне

11 верасьня Добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры падала адпаведную заяву ў Міністэрства культуры.
«Асмалоўка» — народная назва ансамбля жылой забудовы 50-х гадоў мінулага стагодьдзя, абмежаванага вуліцамі Багдановіча, Камуністычная, Куйбышава, Кісялёва. Так квартал празвалі ў памяць пра аўтара гэтай забудовы, архітэктара Міхаіла Асмалоўскага. Ён запраектаваў двухпавярховыя дамы з унутранымі дворыкамі для тагачаснай ваеннай і партыйнай эліты ды артыстаў. На думку абаронцаў гістарычнай спадчыны, «Асмалоўка» захавала ўнікальны дух эстэтыкі першых гадоў пасьля Другой сусьветнай вайны.

«Любы ансамбль каштоўнейшы за асобны будынак. Помнікі ў комплексе ствараюць атмасфэру. Калі руйнуецца кантэкст, культурны ляндшафт, то страчваецца і каштоўнасьць будынкаў», — расказаў «Свабодзе» старшыня грамадзскага аб’яднаньня Антон Астаповіч.

«Асмалоўка» не адзіны сталічны раён забудовы савецкага часу, якую, на думку гісторыкаў, неабходна захаваць. Тры месяцы таму Беларускі камітэт Міжнароднай рады па помніках і мясцінах прапанаваў надаць статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці вуліцы Кашавога. Яна знаходзіцца ў пасёлку Трактарнага завода. Каштоўная архітэктура гэтага раёна абмяжоўваецца квадратам вуліц Даўгабродзская, Будзёнага, Шчарбакова, Клумава. Акрамя дамоў, тут захавалася перашапачатковыя пляніроўка, ляндашфт і дворыкі сярэдзіны ХХ стагодьдзя. Па словах намесьніка старшыні камітэту Цімоха Акудовіча, адказу ад Міністэрства культуры пакуль не было.