Марцін Шульц: Мы не забылі пра Беларусь

Марцін Шульц

Адкрываючы сэсію Эўрапарлямэнту ў Страсбуры сёньня, яго прэзыдэнт Марцін Шульц зрабіў наступную заяву пра сытуацыю ў Беларусі перад парлямэнцкімі выбарамі 23 верасьня:
«Мы назіраем зь вялікай заклапочанасьцю, як у Беларусі працягваецца парушэньне правоў чалавека, прынцыпаў прававой дзяржавы і дэмакратычных каштоўнасьцяў.

Я глыбока занепакоены апошнімі падзеямі ў краіне, у прыватнасьці, забаронай на паездкі некаторых апазыцыйных лідэраў і абаронцаў правоў чалавека, законамі, якія пашыраюць паўнамоцтвы КДБ, ды нядаўнім выгнаньнем швэдзкага амбасадара.

Мы заклікаем прэзыдэнта Лукашэнку пачаць палітычныя зьмены і рэформы.

Першым крокам павінна стаць неадкладнае і безумоўнае вызваленьне ўсіх палітвязьняў і іх поўная рэабілітацыя.

Далейшае ўтрыманьне пад вартай Алеся Бяляцкага, Мікалая Статкевіча, Паўла Севярынца, Сяргея Каваленкі, Зьмітра Дашкевіча і іншых палітвязьняў зьяўляецца непрымальным.

Мы не забыліся!

Мы заклікаем улады забясьпечыць, каб парлямэнцкія выбары прайшлі з пашанаваньнем міжнародных стандартаў, каб усе кандыдаты мелі роўныя шанцы і каб назіральнікі АБСЭ маглі свабодна выканаць сваё заданьне».