Разьвенчваньне мітаў

У Беларусі ў разгары парлямэнцкая выбарчая кампанія. У любой нармальнай краіне ў такі час грамадзтва бурліла б, у мэдыях, палітычным жыцьці ішлі б вострыя дыскусіі пра лёс дзяржавы, яе пэрспэктывы. Адбывалася б параўнаньне праграмаў партыяў і кандыдатаў, палеміка вакол праектаў перамен, дыспуты паміж кандыдатамі.

Тут жа — амаль поўная цішыня. Толькі сярод палітызаванай публікі ў інтэрнэце ідзе дыскусія наконт байкоту ці ўдзелу апазыцыі ў выбарах. Грамадзтва ў ёй ня ўдзельнічае. Выбарчая кампанія праходзіць па-за межамі ўласна палітычнай прасторы.

Галоўнымі падзеямі, якія актыўна абмяркоўваюцца ў незалежных мэдыях, сталі ня ход выбарчай кампаніі, а кадравыя перамены ў кіроўчых органах...
Паказальна, што галоўнымі падзеямі, якія актыўна абмяркоўваюцца ў незалежных мэдыях, сталі ня ход выбарчай кампаніі, а кадравыя перамены ў кіроўчых органах: МЗС і Адміністрацыі прэзыдэнта. Гэта вельмі нагадвае савецкі час, калі адзінай прыкметай палітычнага жыцьця былі зьмены ў складзе Палітбюро ЦК КПСС.

З гэтай нагоды варта паразважаць пра пэўныя аналітычныя высновы і прагнозы, якія былі папулярнымі зусім нядаўна.

Пасьля таго як памочнікам прэзыдэнта быў прызначаны Віктар Лукашэнка, адпраўлены ў адстаўку Шэйман, да кіраўніцтва сілавымі структурамі прыйшлі новыя маладыя кадры, пачаўся дыялёг з аб’яднанай Эўропай, а афіцыйныя асобы і дзяржаўныя мэдыі загаварылі пра эканамічную лібэралізацыю, шмат хто з экспэртнай супольнасьці пасьпяшаўся зрабіць высновы аб зьмене прыроды беларускага рэжыму. Казалі, што ва ўладных колах зьявілася дамінантная групоўка «маладых ваўкоў», якія гуртуюцца вакол Віктара. Што яна хоча канвэртаваць сваю ўладу ва ўласнасьць і таму штурхае Аляксандра Лукашэнку да масавай намэнклятурнай прыватызацыі сьледам за прыкладам Расеі і Ўкраіны. І што прэзыдэнту няма куды дзявацца, як прыняць гэтую стратэгію. І гэта павінна было азначаць, што пэрсаналісцкі аўтарытарны рэжым у Беларусі паступова ператвараецца ў алігархічны рэжым.

Цяпер становіцца відавочным, што ўсе гэтыя высновы і прагнозы былі памылковымі. Дыялёг з ЭЗ перапыніўся 19 сьнежня 2010 году. Ад масавай прыватызацыі Лукашэнка адмовіўся, нават нягледзячы на жорсткі ціск з боку Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС і Расеі.

Апошнія адстаўкі і прызначэньні сьведчаць, што ніякай каманды «маладых ваўкоў», якая б уплывала на дзяржаўную палітыку, няма. Не існуе недатыкальных чыноўнікаў. На пасады міністра замежных спраў, кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта прызначаны старыя, правераныя кадры. Любы чыноўнік займае сваю пасаду толькі да той пары, пакуль задавальняе Аляксандра Лукашэнку. Усё гэта азначае, што, як і раней, у краіне захоўваецца аўтарытарны рэжым, а намэнклятура — не суб’ект палітыкі.

Любы чыноўнік займае сваю пасаду толькі да той пары, пакуль задавальняе Аляксандра Лукашэнку...
У гэтым сэнсе была вельмі паказальнаю адстаўка кіраўніка памежнага камітэту Ігара Рачкоўскага, якога ўсе лічылі сябрам Віктара Лукашэнкі. Уяўляецца, што «швэдзкі дэсант» стаў толькі нагодай для ягонага зьняцьця. А прычына была прагавораная А. Лукашэнкам у часе прызначэньня новага кіраўніка гэтага ведамства. У віну генэралу было пастаўлена тое, што ягонае ведамства стала займацца «нейкай памежнай палітыкай» — то бок, трэба разумець, паляпшэньнем зьнешняй прэзэнтабэльнасьці, іміджу гэтай структуры і беларускай мяжы наагул. «Няправільна, што мы памежнікаў зрабілі больш палітыкамі, чым вайсковымі людзьмі. Галоўная іх задача — ахова дзяржаўнай мяжы», — сказаў прэзыдэнт.

Вось дзе корань праблемы. Бо ўсім жа даўно патлумачылі, што ў краіне толькі адзін палітык. А ўсе астатнія — шараговыя выканаўцы. Памятаеце, як на адной з нарадаў кіраўнік дзяржавы спыніў тагачаснага прэм’ера Сідорскага, які насьмеліўся разважаць пра сацыяльную палітыку? Сэнс рэплікі Аляксандра Лукашэнкі быў у тым, што палітыка — гэта ня ваш клопат, гэта прэрагатыва прэзыдэнта, а вы павінны займацца чыстай эканомікай. І хто гэтага не разумее, прэтэндуе на нешта большае, пераходзіць у рэзэрву. Гэта ў найлепшым выпадку. А ў горшым... Спытайцеся ва Ўладзімера Канаплёва.