Беларускі МЗС выклікаў кіргіскага дыплямата

У сувязі зь сёньняшнім інцыдэнтам каля пасольства Беларусі ў Бішкеку ў беларускае МЗС быў выкліканы часовы павераны ў справах Кіргізстану.
«Ён катэгарычна папярэджаны аб недапушчальнасьці правакацыйных дзеяньняў, якія ставяць пад пагрозу дзейнасьць дыпляматычнага прадстаўніцтва і яго супрацоўнікаў. Беларускі бок запатрабаваў забясьпечыць надзейную ахову пасольства», — паведаміў агенцтву БелаПАН прэс-сакратар МЗС Андрэй Савіных.

Раніцай 28 жніўня на пасольства Беларусі ў Бішкеку учынілі напад сваякі ахвяраў дзяржаўнага перавароту 2010 году, якія патрабуюць экстрадыцыі зь Менску зрынутага прэзыдэнта Курманбека Бакіева і яго брата Джаныбека. Бакіевы абвінавачваюцца ва ўчыненьні цяжкіх крымінальных злачынстваў.

Паводле інфармацыі РІА Новости, некалькі дзясяткаў чалавек закідалі будынак пасольства камянямі, у дыппрадстаўніцтве разьбіты вокны. Ніхто з супрацоўнікаў пасольства падчас нападу не пацярпеў. Удзельнікі акцыі патрабуюць спыненьня працы пасольства і разрыву дыпадносін з уладамі Беларусі, якія «хаваюць забойцаў». Мітынгоўцы патрабуюць, каб да іх выйшаў пасол.

Міліцыя Кіргізстану: Да хуліганства не дайшло

Міліцыя Кіргізстану не знаходзіць у дзеяньнях удзельнікаў мітынгу ля будынка пасольства Беларусі нічога супрацьзаконнага. «Яны патрабуюць экстрадыцыі былога прэзыдэнта і яго сваякоў. Абураныя ўдзельнікі мітынгу перакулілі некалькі кветнікаў, разьбілі стэнд з аб’явамі, але да хуліганства не дайшло», — піша інфармацыйнае агенцтва 24.kg са спасылкай на МУС. У міністэрстве адзначылі, што за парадкам сочаць супрацоўнікі УУС Ленінскага раёну і ГУУС Бішкеку.

Афіцыйны Кіргізстан чакае рэакцыі Беларусі ў пытаньні экстрадыцыі Жаныша Бакіева. Пра гэта заявіў прэс-сакратар МЗС КР Нуржыгіт Кадырбекаў на брыфінгу 28 жніўня, паведамляе 24.kg

Паводле яго слоў, 21 жніўня зьнешнепалітычнае ведамства гэтай краіны накіравала ў Беларусь вэрбальную ноту адносна Жаныша Бакіева. «Згодна зь Менскай канвэнцыяй, калі грамадзянін абвінавачваецца ў зьдзяйсьненьні цяжкіх злачынстваў, ён павінен быць экстрадзіраваны. 23 жніўня МЗС КР выступіў з такой заявай, але беларускі бок не рэагаваў на яго. Пасьля чаго 24 жніўня зь Беларусі адклікалі нашага амбасадара Эрыка Асаналіева для правядзеньня кансультацый», — паведаміў Нуржыгіт Кадырбекаў.

Ён адзначыў, што кансультацыі тычацца далейшых адносін КР і РБ. «Нельга сказаць аб іх ускладненьні, але тут усё залежыць ад рэакцыі Беларусі. Вэрбальная нота — сур’ёзны дакумэнт у дыпляматыі, і рэакцыя на яе павінна абавязкова паступіць», — сказаў прэс-сакратар МЗС КР.

«Калі рэакцыі ня будзе, Кіргізстан будзе дзейнічаць у рамках міжнароднага заканадаўства, каб дамагчыся экстрадыцыі Жаныша Бакіева», — падсумаваў дыплямат.


24 жніўня Кыргызстан адклікаў з Беларусі свайго пасла. Нагодай для дыпляматычнага канфлікту сталі выкладзеныя ў інтэрнэт фатаграфіі брата экс-прэзыдэнта Джаныбека Бакіева, які расшукваецца Інтэрполам. Ён быў сфатаграфаваны каля ўваходу ў кафэ «Грунвальд» у цэнтры Менску. МЗС Кіргізстану ўручыла вэрбальную ноту паслу Беларусі ў Бішкеку, у якой выказала зьдзіўленьне і заклапочанасьць у сувязі з публікацыямі ў СМІ фатаграфій Джаныбека Бакіева, былога кіраўніка Службы дзяржаўнай аховы рэспублікі, што пацьвярджаюць яго знаходжаньне на тэрыторыі Беларусі.

МЗС Кіргізстану нагадала беларускаму боку, што Бакіеў знаходзіцца ў міжнародным вышуку, у тым ліку па лініі Інтэрполу, паводле абвінавачаньня ў асабліва цяжкіх злачынствах. Кіргіскі бок спадзяецца, што афіцыйны Менск «ужыве ўсе вычарпальныя захады па неадкладным затрыманьні і экстрадыцыі Джаныбека Бакіева ў Кіргіскую Рэспубліку ў межах дзейных міжнародных дамоваў, удзельнікамі якіх зьяўляюцца як Кыргызстан, так і Беларусь», заявіў 27 жніўня ў Менску прадстаўнік кіргіскага пасольства.

У красавіку 2010 года ў Кіргізстане адбыўся дзяржаўны пераварот, у выніку якога ўлада перайшла ў рукі часовага кааліцыйнага ўраду, што складаецца зь лідэраў апазыцыйных партый. Пры гэтым загінулі прыкладна 90 чалавек, амаль тысячу атрымалі раненьні. Экс-прэзыдэнт Курманбек Бакіеў, яго брат Джаныбек, сын Марат, а таксама іншыя набліжаныя завочна былі абвінавачаны ў масавым забойстве, спалучаным з перавышэньнем службовых паўнамоцтваў, і абвешчаны ў міжнародны вышук. Акрамя таго, Джаныбек Бакіеў абвінавачаны ў арганізацыі забойства кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Медэта Садыркулава.

Курманбек Бакіеў зь неафіцыйнай жонкай і двума дзецьмі прыбыў у Беларусь 19 красавіка 2010 году на асабістае запрашэньне Аляксандра Лукашэнкі. Новыя ўлады Кіргізстану неаднаразова зьвярталіся ў Генпракуратуру Беларусі з просьбай выдаць Бакіева, але атрымлівалі адмову. Паводле меркаваньня беларускага боку, прававых падстаў для задавальненьня просьбы аб выдачы Бакіева няма.