Пракуратура назьбірала ў турме 40 сьведак супраць Дашкевіча

Зьміцер Дашкевіч

Зьміцер Дашкевіч 24 жніўня выйшаў з карцэру, каб праз 4 дні трапіць на новы судовы працэс.
Паводле падлікаў намесьніка старшыні «Маладога фронту» Насты Палажанкі палітвязень Зьміцер Дашкевіч 24 жніўня мусіў выйсьці з карцэра, куды ён патрапіў 11 дзён таму за непадпарадкаваньне.

Наста Палажанка: «Гэта значыць, што толькі сёньня ён атрымае нейкія лісты і карэспандэнцыю, якія прыходзілі ўвесь гэты час. На жаль, да аўторка ўжо ня здолее адказаць. Дакладней, адказаць зможа, але пошта на выходныя не працуе і лісты адразу ня прымуць. Таму да суду ад яго нейкіх лістоў атрымаць не спадзяюся.

У аўторак а 10 раніцы ў яго будзе суд. Суд будзе закрыты, як яны кажуць, выязны — гэта калі судзьдзя выяжджае на тэрыторыю калёніі. Вядома таксама, што па справе ідзе каля 40 сьведак. Гэта і міліцыянты, і зьняволеныя. Ня ведаю, ці ёсьць хоць адзін сьведка з боку Зьмітра. Хутчэй за ўсё няма, бо ён жа адмовіўся ад абароны, бо лічыць гэты працэс цалкам незаконным і штучным. Ён адпачатку гэтак паставіўся да суду і сваёй пазыцыі не мяняе. І вядома, што ўжо ў начны час пасьля суду яго чакае этап у Віцебск. Мы з адвакатам прыедзем да калёніі, каб даведацца пра вынік і падтрымаць Зьмітра, але невядома, ці што даведаемся».

Старшыня «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч асуджаны паводле абвінавачаньня ў хуліганстве на 2 гады зьняволеньня. У Глыбоцкай калёніі на палітвязьня завялі новую справу паводле артыкулу аб непадпарадкаваньні, яму пагражае падаўжэньне тэрміну яшчэ на год.