Кандыдата ў дэпутаты палічылі фальшываманэтчыкам

Валеры Ўхналёў

Намесьнік старшыні партыі «Справядлівы сьвет» Валеры Ўхналёў, які афіцыйна зарэгістраваны ў якасьці кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў пятага скліканьня, зараз знаходзіцца ў Гарадзенскім раённым аддзеле міліцыі.

Праз тэлефон кандыдат апавёў «Свабодзе», што ён прыехаў на ўласнай машыне да родных у Горадню. І зь імі ехаў на лецішча. Нечакана іх спынілі амапаўцы. Спачатку падставай для затрыманьня стала нібыта неабходнасьць правесьці экспэртызу — высьветліць, ці не перабітыя нумары машыны.

Пасьля спадару Ўхналёву сказалі, што, магчыма, ён яшчэ і фальшываманэтчык, паколькі ягоная машына «падобная на тую, на якой езьдзяць фальшываманэтчыкі».