На безальтэрнатыўных акругах прадстаўнікі вэртыкалі і КДБ

Ілюстрацыйнае фота

Па чатырох безальтэрнатыўным акругах на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, балятуюцца толькі дзяржаўныя чыноўнікі.

Адзіным кандыдатам у дэпутаты па Баранавіцкай сельскай выбарчай акрузе № 7 зарэгістраваны старшыня Баранавіцкага райвыканкама Мікалай Язубец, па Шчучынскім № 60 — старшыня Шчучынскага райвыканкама Сяргей Ушкевіч, Вілейскай № 74 — начальнік галоўнага ўпраўленьня эканамічнай бясьпекі КДБ Віктар Русак, Заслаўскага № 77 — старшыня Пятрышкаўскага сельвыканкама Аляксандр Мякіннік, паведамляе БелаПАН.

На этапе вылучэньня кандыдатаў у дэпутаты канкурэнцыя сярод прэтэндэнтаў прысутнічала ў кожнай з 110 выбарчых акругаў.

24 жніўня на прэс-канферэнцыі старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына сказала, што падчас выбарчай кампаніі колькасьць безальтэрнатыўных акругаў можа павялічыцца. На папярэдніх парлямэнцкіх выбарах безальтэрнатыўных акругаў было 16.