Ля будынку суду ў Кіеве сабраліся сотні прыхільнікаў Цімашэнкі

Ля будынку Найвышэйшага спэцыялізаванага суду Ўкраіны ў Кіеве, дзе сёньня чакаецца рашэньне па касацыі абароны на прысуд Юліі Цімашэнкі па «газавай справе», сабраліся каля тысячы прыхільнікаў экс-прэм’ера.
Яны скандуюць «Юлі — волю!», «Банду — гэць!» І трымаюць сьцягі аб’яднанай апазыцыі. Усе падыходы да будынку суду ачэпленыя міліцыяй і байцамі спэцназу ўнутраных войскаў, на суседніх вуліцах прыпаркаваны аўтазакі.

Цімашэнка на пасяджэньні не прысутнічае, бо знаходзіцца на лячэньні ў харкаўскім шпіталі.

Абарона экс-прэм’ера просіць найвышэйшую судовую інстанцыю Ўкраіны прызнаць незаконнымі рашэньне Пячэрскага раённага суду Кіева і апэляцыйнага суду, у адпаведнасьці зь якімі Цімашэнка прызнаная вінаватай у перавышэньні паўнамоцтваў пры заключэньні газавых кантрактаў з Расеяй і асуджаная на сем гадоў пазбаўленьня волі. Рашэньне Найвышэйшага спэцыялізаванага суду можа быць абскарджана ў Эўрапейскім судзе па правах чалавека.

Калі суд сёньня адменіць вэрдыкт ніжэйшых інстанцый, Цімашэнка можа апынуцца на свабодзе.