Незалежнага журналіста Кастуся Шыталя выклікалі ў пракуратуру

Кастусь Шыталь

Позву да старэйшага памочніка пракурора Глыбоцкага раёну ўручыў міліцыянт, які адшукаў спадара Шыталя ў рэдакцыі газэты «Вольнае Глыбокае».
У пракуратуры высьветлілася, што супрацоўнікаў зацікавіў артыкул «Яраслаў Берніковіч прапанаваў дапамогу прыхільнікам байкоту», аўтарам якога быў Кастусь Шыталь. Гэты артыкул быў разьмешчаны на незалежным рэгіянальным сайце westki.info 27 ліпеня. У прыватнасьці, спадар Берніковіч прапанаваў палітыкам, якія заклікаюць да байкоту, сканцэнтраваць свае намаганьні ў Докшыцкай акрузе № 22. І тым, хто пагодзіцца правесьці там кампанію байкоту, ён прапанаваў карыстацца офісам сваёй фірмы і ўсёй аргтэхнікай.

Герой публікацыі, актывіст кампаніі «Гавары праўду» Яраслаў Берніковіч сьпярша выклаў свае прапановы да прыхільнікаў ідэі байкатаваць парлямэнцкія выбары на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Facebook, і гэта зацікавіла журналістаў.

Кастусь Шыталь адмовіўся даваць тлумачэньні наконт публікацыі на сайце westki.info, спаслаўшыся на 27 артыкул Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, які дазваляе грамадзянам ня сьведчыць супраць сябе і сваіх блізкіх.