КДБ паведамляе, што зноў злавіў шпіёна

Афіцыйны сайт беларускага КДБ паведамляе, што супрацоўнікамі кіраваньня КДБ па Брэсцкай вобласьці сумесна з групай «Альфа» «пры спробе збору інфармацыі ў дачыненьні да грамадзян Рэспублікі Беларусь па заданьні замежнай спэцслужбы затрыманы і зьмешчаны ў СІЗА 28-гадовы жыхар Берасьця».
У дачыненьні да яго распачата крымінальная справа па артыкуле 356-1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь «Усталяваньне супрацоўніцтва са спэцслужбай, органам бясьпекі або выведвальных органаў замежнай дзяржавы на канфідэнцыйнай аснове пры адсутнасьці прыкмет здрады дзяржаве». Санкцыяй артыкула прадугледжана пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі тэрмінам да 2 гадоў.

КДБ адзначае, што гэты артыкул, з улікам нядаўна ўнесеных зьмяненьняў у Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь, прымяняецца упершыню і накіраваны на недапушчэньне прыцягненьня і выкарыстаньня грамадзян Беларусі замежнымі спэцслужбамі ў якасьці крыніцаў інфармацыі. Менавіта таму заканадаўствам прадугледжана вызваленьне ад крымінальнай адказнасьці асоб, якія своечасова зьвярнуліся ў органы дзяржаўнай бясьпекі зь інфармацыяй аб прыцягненьні іх да супрацоўніцтва замежнымі спэцслужбамі.