Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.
НАДВОР'Е
У Беларусі чакаюцца дажджы, тэмпэратура – да 20 градусаў.
У ГЭТЫ ДЗЕНЬ У БЕЛАРУСІ І СЬВЕЦЕ
У літаратурна-мэмарыяльным комплексе Якуба Коласа «Смольня» – адкрыцьцё мэмарыяльнага знаку ў гонар стагодзьдзя першай сустрэчы народных паэтаў Беларусі Якуба Коласа і Янкі Купалы.
У прэсавым цэнтры газэты «Комсомольская правда в Белоруссии» (вул. Платонова, 1б) – прэсавая канфэрэнцыя срэбнай прызёркі Алімпіяды Аляксандры Герасімені.
У судзе Чашніцкага раёну – першае пасяджэньне судовага працэсу ў справе жорсткага абыходжаньня з птушанятамі бакланаў, якіх знайшлі на возеры Лукомскае ў сярэдзіне чэрвеня з надрэзанымі дзюбамі.
У Брусэлі – пасяджэньне Камітэту ў пытаньнях палітыкі і бясьпекі ЭЗ, якое будзе прысьвечанае беларуска-швэдзкаму дыпляматычнаму канфлікту.
У Лёндане – працяг летніх алімпійскіх гульняў.
ГЭТЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ
1519 – Фэрнан Магелан адправіўся з Сэвільлі ў кругасьветнае падарожжа.
1919 – створаны Часовы беларускі нацыянальны камітэт – беларуская грамадзка-палітычная арганізацыя, каардынацыйны орган беларускага нацыянальнага руху ў час польска-савецкай вайны 1919–20 на тэрыторыі, падкантрольнай польскім вайсковым фармаваньням.
1927 – у Менску зьезд праваслаўных сьвятароў і вернікаў абвясьціў Беларускую аўтакефальную царкву.
У гэты дзень нарадзіліся:
1788 – Ігнат Даніловіч, беларускі правазнаўца і гісторык.
1796 – Ігнат Легатовіч, беларускі паэт.
1878 – Еўсьцігней Міровіч, беларускі драматург і тэатральны рэжысэр.
1912 – Жоржы Амаду, бразыльскі пісьменьнік.
1929 – Алесь Ставер, беларускі паэт, празаік, драматург, аўтар тэксту песьняў «Жураўлі на Палесьсе ляцяць», «Касіў Ясь канюшыну» і іншых.
ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ
Літаратура павінна зрабіцца зброяй народу – вострай, як маланка, і простай, як хлеб.
Жоржы Амаду
ГОД ТАМУ Ў ЗАГАЛОЎКАХ НА САЙЦЕ СВАБОДЫ
Як выдавалі інфармацыю пра Бяляцкага
Anonymous – змагары за свабоду інтэрнэту ці інтэрнэт-піраты?
Распаўсюджваў кнігі – трапіў пад суд