Андрэй Бандарэнка патрабуе кампэнсацыі за зьняволеньне

Андрэй Бандарэнка

Былы палітвязень Андрэй Бандарэнка праз суд дамагаецца матэрыяльнай кампэнсацыі за 22 месяцы незаконнага зьняволеньня.
Былы палітвязень Андрэй Бандарэнка, які быў зьвінавачаны ў злоўжываньні службовай пасадай ды махлярстве і на 22 месяцы зьмешчаны ў турму, дамагаецца праз суд спагнаць зь дзяржавы матэрыяльную кампэнсацыю ў памеры 400 мільёнаў беларускіх рублёў за незаконны прысуд. Працэс доўжыцца ад студзеня. Сёньня чарговы разгляд скаргі адбываўся ў Менскім гарадзкім судзе:

«Суд касацыйнай інстанцыі Менгарвыканкаму адправіў справу на новы разгляд у суд Кастрычніцкага раёна Менску — гэта ўжо будзе другі разгляд — паколькі першае рашэньне суду было вынесена 12 студзеня. Міністэрства фінансаў, як адказчык у гэтай справе, абскардзіла тое рашэньне ў касацыйным парадку, і вось зараз мы ўсё пачынаем спачатку з суду Кастрычніцкага раёну. У гэтым зьвязку мне хочацца сказаць, што пры кампэнсацыі маральнай шкоды за амаль два гады турмы мне даводзіцца перажываць яшчэ адну стадыю маральнай шкоды, скрухі і папросту расчараваньня ў сыстэме, якая дапусьціла, што я амаль два гады незаконна знаходзіўся ў турме, а зараз амаль другі год мушу даводзіць, што варты кампэнсацыі гэтай маральнай шкоды».

Палітвязень Андрэй Бандарэнка быў асуджаны і адбыў 22 месяцы турмы пасьля таго, як спрабаваў абскардзіць вынікі выбараў у Палату прадстаўнікоў, куды балятаваўся кандыдатам ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі.