Алену Красоўскую маюць завезьці ў суд

Алена Красоўская

Намесьніцу дырэктара «Плятформы» накіроўваюць у суд Партызанскага раёну Менску.
Пра гэта яе калегам паведамілі ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсьціна, спаслаўшыся на Партызанскі РАУС.

У міліцыі Партызанскага раёну гэтую інфармацыю спачатку абверглі, аднак потым усё ж сказалі, што яе павінны даставіць туды дзесьці да абеду. Дакладны час не называецца.

Паводле кіраўніка «Плятформы» Андрэя Бандарэнкі, які накіраваўся ў суд, у справе з затрыманьнем Красоўскай шмат няяснага, пачынаючы ад моманту яе арышту. У тым ліку невядома, што за людзі арыштоўвалі праваабаронцу ля яе дома і якая насамрэч прычына яе затрыманьня. Афіцыйнай вэрсіі — нецэнзурная лаянка ў публічным месцы — ніхто з тых, хто ведае Красоўскую, веры не дае.

Намесьніцу дырэктара «Плятформы» затрымалі а 16-й гадзіне 31 ліпеня людзі ў цывільным, а потым даставілі на Акрэсьціна. Больш за суткі пра яе месцазнаходжаньне ня ведалі ані сямейнікі, ані сябры, ані калегі.