Гомель. Сухі закон у дзень матчу зь «Лівэрпулем»

Гомельскі гарвыканкам абвясьціў 2 жніўня Днём цьвярозасьці.
Паводле распараджэньня кіраўніцтва прадпрыемствам гандлю, сэзонным аб’ектам грамадзкага харчаваньня забаронена ў гэты дзень з 6 да 24 гадзіны прадаваць гараджанам гарэлку, віно, піва й нават слабаалькагольныя напоі.

Акурат на 2 жніўня ў Гомелі на стадыёне «Цэнтральны» прызначаны трэці кваліфікацыйны раўнд Лігі Эўропы паміж футбольнымі камандамі «Гомель» і «Лівэрпуль» (Вялікая Брытанія).

І ў гэты ж дзень дэсантнікі адзначаюць сваё прафэсійнае вайсковае сьвята. Дарэчы, летась на Дзень дэсантніка ня толькі забаранілі продаж алькагольных напояў, але й адключылі гарадзкія фантаны, каб «сінія бэрэты» ў іх, як зазвычай, ня плюхаліся.