«Рэпартэры бязь межаў» асудзілі затрыманьне журналіста «Эўрарадыё» Віталя Ругайна

Віталь Ругайн

«Затрыманьне Віталя Ругайна — сьведчаньне адчувальнасьці рэжыму да пытаньняў, якія непасрэдна ці ўскосна тычацца выбуху ў Менску і нацыянальнай бясьпекі, — заяўляюць „Рэпартэры бязь межаў“. — Журналіста ня сьлед арыштоўваць за прыцягненьне ўвагі да парушэньняў паліцыяй правілаў бясьпекі. Мы заклікаем зьняць сфабрыкаваныя абвінавачаньні, вылучаныя супраць яго».
Ругайн «быў арыштаваны ў Менску 25 ліпеня пасьля таго, як разьмясьціў у інтэрнэце відэасьведчаньне пра хібы аховы ў Менскім мэтрапалітэне», — паведамляе сайт праваабарончай арганізацыі.

Ругайна затрымалі 25 ліпеня ў дзень ягонага 25-годзьдзя на вуліцы Гарадзкі Вал у Менску. Журналіста зьвінавацілі ў дробным хуліганстве — нібыта ён мацюкаўся. Ноч ён правёў у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў.

Працэс над журналістам пачаўся 26 ліпеня ў судзе Цэнтральнага раёну Менску. Але тады судзьдзя Тацяна Ткачова накіравала справу на дапрацоўку.

А самога Ругайна вызвалілі ў залі суду.

«Рэпартэры бязь межаў» адзначаюць, што журналісту ўсё яшчэ пагражае турэмнае зьняволеньне або іншае пакараньне, піша БелаПАН.