ААН: Алепа пакінулі каля 200 тысяч уцекачоў

Жыхары Алепа пакідаюць горад

У Сырыі прадстаўнікі армейскага камандаваньня сьцьвярджаюць, што вайскоўцы змаглі вызваліць ад паўстанцаў адзін з занятых тымі раёнаў на паўднёвым захадзе гораду Алепа, дзе працягваюцца баі.
Агенцтва Reuters са спасылкай на наяўную ў яго інфармацыю адзначае, што паўстанцы, якія процістаяць рэжыму прэзыдэнта Башара Асада, па-ранейшаму кантралююць ў Алепа значную частку тэрыторыі.

Нядаўна вайскоўцы абвясьцілі, што пачалі ў горадзе маштабны наступ на пазыцыі паўстанцаў. Пры абстрэлах падчас вайсковай апэрацыі выкарыстоўваецца авіяцыя.

Паводле дадзеных ААН, у сувязі з жорсткімі сутыкненьнямі Алепа пакінулі каля 200 тысяч мірных жыхароў. Кіраўнік ведамства ААН у справе гуманітарных апэрацыяў Валеры Амос заклікала сырыйскія ўлады стварыць бясьпечныя калідоры для дастаўкі гуманітарных грузаў тым жыхарам, якія засталіся блякаванымі ў горадзе. Колькасьць насельніцтва Алепа ацэньваецца ў 2,5 мільёна чалавек. Людзі хаваюцца ў школах і іншых грамадзкіх будынках. Ім не хапае ежы, вады, сродкаў асабістай гігіены.

Міністар замежных спраў Сырыі Валід аль-Муалім у нядзелю, знаходзячыся з візытам у Іране, заявіў, што антыўрадавыя сілы ў Алепа непазьбежна пацярпяць паразу. У сваю чаргу, міністар замежных спраў Ірану Алі Акбар Салехі папярэдзіў, што адстаўка прэзыдэнта Сырыі Башара Асада пацягне за сабой нэгатыўныя наступствы «для ўсяго рэгіёну, а ў канчатковым выніку і для ўсяго сьвету».

Тым часам, напярэдадні апазыцыйны Сырыйская нацыянальная рада заклікала замежныя дзяржавы забясьпечыць паўстанцаў зброяй. Паўстанцы сьцьвярджаюць, што ім цяжка процістаяць сырыйскай арміі, якая вядзе наступ з выкарыстаньнем цяжкіх узбраеньныяў. Тым часам назіральнікі сьцьвярджаюць, што калі меркаваць паводле кадраў, на якіх гараць падбітыя танкі рэгулярнай арміі Сырыі, пэўнай колькасьцю цяжкіх узбраеньняў валодаюць і паўстанцы.

У нядзелю Ярданія адкрыла свой першы намётавы лягер для сырыйцаў, што ўцякаюць ад гвалту ў сваёй краіне. Штодзень іх колькасьць расьце павялічваецца на 2 тысячы чалавек. На нядзелю ярданскія ўлады ацэньвалі агульны лік уцекачоў на 142 тысячы чалавек. Лягер адкрыты непадалёк ад паселішча Затаары за 11 кілямэтраў ад сырыйскай мяжы.