Пнэўманію ў Дашкевіча будуць лячыць ня болей за 10 дзён

Зьміцер Дашкевіч

Як лечаць Зьмітра Дашкевіча, ў якога турэмныя лекары знайшлі запаленьне лёгкіх?
Наста Палажанка са спасылкай на зьвесткі ад адваката распавяла пра стан здароўя Зьмітра Дашкевіча, у якога знайшлі запаленьне лёгкіх і пра тое, як яго лечаць ў Глыбоцкай калёніі.

«Добрага мала. У аўторак яго паклалі ў турэмную мэдычную частку, дзе ён сам упершыню даведаўся, што яму паставілі дыягназ пнэўманія. Відаць, рабілі здымкі, дзе гэта выявілася. Зараз ён яшчэ там. Некіх падрабязнасьцяў лячэньня мы не маем, я ведаю, што яму коляць нейкія вітаміны і антыбіётыкі. Я прасіла, каб далі магчымасьць даслаць свае лекі, але сказалі, што яны не маюць ў іх патрэбы, бо ў іх нібыта ўсё ёсьць. Далей ужо Зьміцер будзе даведвацца, якіх бы лекаў яму не ставала і мы б даслалі іх бандэрольлю».

Наста Палажанка мяркуе, што прычына захворваньня яе жаніха — працяглае знаходжаньне ў памяшканьні камэрнага тыпу і ў карцэры. «У шпіталі сказалі, што трымаць там Зьмітра больш за 10 дзён ня будуць», — заўважыла Наста Палажанка, якая мяркуе, што за гэты кароткі тэрмін Зьмітру Дашкевічу будзе складана вылячыцца цалкам.

Што да крымінальнай справы, заведзенай на Зьмітра Дашкевіча ў калёніі, ён паведаміў, што пакуль ў шпіталі да яго наконт справы не падыходзілі, але яму вядома, што расьсьледаваньне справы не спынялася. У прыватнасьці, у калёніі сьледчыя дапытваюць вязьняў, якія кантактавалі з Дашкевічам.

Лідэр «Маладога фронту» асуджаны на 2 гады зьняволеньня нібыта за хуліганства пасьля інцыдэнту, які адбыўся за дзень да прэзыдэнцкіх выбараў. Зьміцер Дашкевіч заявіў у судзе пра правакацыю спэцслужбаў. У Глыбоцкай калёніі супраць палітвязьня завялі яшчэ адну крымінальную справу аб непадпарадкаваньні патрабаваньням адміністрацыі, паводле якой яму пагражае яшчэ год зьняволеньня.