Наваполацкага актывіста папярэдзілі за расьцяжкі

Яўген Парчынскі

Прадстаўніка суполкі «Свабодны рэгіён» Яўгена Парчынскага выклікалі ў міліцыю і вынесьлі папярэджаньне пасьля таго, як у горадзе вывесілі расьцяжку «Свабоду Статкевічу».
Спадар Парчынскі — рэдактар інтэрнэт-сайту «Свабоднага рэгіёну». 12 ліпеня там была зьмешчана інфармацыя пра тое, што актывісты тройчы вывешвалі расьцяжку ў розных месцах гораду, і ў кожным зь іх яна правісела па паўгадзіны. Назаўтра, 13 ліпеня, Яўгена Парчынскага выклікалі ў мясцовы гараддзел міліцыі.

«Правялі прафіляктычную гутарку пра тое, што вывешваньне расьцяжак — гэта несанкцыянаваная акцыя. І ўручылі афіцыйнае папярэджаньне, што наступным разам прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасьці. Гэтым разам, мусіць, у міліцыі проста не было доказаў правапарушэньня, бо нікога з тых, хто вывешваў расьцяжку, не злавілі», — апавёў Яўген Парчынскі.

Расьцяжка таксама «не патрапілася», кажа актывіст. Бо яе адмыслова не пакідалі ў адным месцы, дзе міліцыянты ўрэшце яе зьнялі б, а пераносілі некалькі разоў — і такім чынам яе ўбачыла большая колькасьць гараджанаў.