Праваабаронцы выберуць найлепшыя паштоўкі для палітвязьняў

Беларускія праваабаронцы абвясьцілі конкурс на лепшую самаробную паштоўку са словамі падтрымкі палітвязьням. Паводле БелаПАН, пра гэта паведаміла праваабаронца Алена Лапцёнак. Таксама будуць праведзеныя конкурсы ў намінацыях: найлепшы калаж, комікс, відэаролік, фота і ілюстрацыя на праваабарончую тэматыку. Паштоўкі, якія прыйдуць на конкурс, будуць адпраўленыя палітвязьням. Найлепшыя паштоўкі арганізатары конкурсу абяцаюць надрукаваць для шырокага распаўсюду.

Ідэя конкурсу на лепшую паштоўку для палітвязьняў узьнікла з прычыны дэфіцыту паштовак, зьмест якіх дазваляў бы выказаць падтрымку людзям, якія знаходзяцца ў вязьніцах за свае палітычныя погляды.

Конкурс праводзіцца з 15 ліпеня па 15 кастрычніка. Колькасьць працаў, прадстаўленых на конкурс ад адной асобы, не абмежаваная. Працы прымаюцца па адрасе konkurs@spring96.org (абавязкова пазначыць імя або псэўданім, узрост, электронную пошту, нумар мабільнага тэлефона), а самаробныя паштоўкі — па адрасе: Менск, пр. Незалежнасьці, 78а-48, паведамляюць арганізатары конкурсу.