Мясьніковіч чакае новых крэдытаў ад Усясьветнага банку?

Міхаіл Мясьніковіч

Беларускі прэм’ер-міністар Міхаіл Мясьніковіч у сераду сустрэўся з дырэктарам аддзелу Беларусі, Малдовы і Ўкраіны Ўсясьветнага банку Чымяо Фанам і прапанаваў Усясьветнаму банку абмеркаваць пытаньні падрыхтоўкі новай стратэгіі супрацоўніцтва, бо ранейшая 4-гадовая стратэгія завяршылася ў сярэдзіне 2011 году.

За 20-гадовы пэрыяд супрацоўніцтва Беларусі з Усясьветным банкам сума прадстаўленых банкам рэсурсаў склала каля 900 мільёнаў даляраў.

«Узьнікае пытаньне: ці можна зрабіць больш? Безумоўна. І я мяркую, што ваш візыт будзе спрыяць разьвіцьцю і актывізацыі нашага супрацоўніцтва. Мы гатовыя да канструктыўнага дыялёгу», — заявіў Мясьніковіч.

Ці ёсьць неабходнасьць у новых крэдытах ад Усясьветнага банку?

Фінансавы аналітык Валер Палхоўскі кажа, што зараз у Беларусі няма надзвычай вострай патрэбы ў непасрэдна фінансавых сродках. На яго думку, цяпер у Беларусі даволі стабілізаваны валютны рынак. Плацёжны балянс, паводле дадзеных Нацыянальнага банку, у першым квартале быў зьведзены да станоўчага:
Відавочна, што з часоў крызісу 2009 году рэальных структурных рэформаў у эканоміцы мы не правялі.

«А вось што сапраўды было б для нас каштоўным, дык гэта праграма і тэхнічная падтрымка такіх інстытутаў, як Усясьветны банк, Міжнародны валютны фонд, якія б дапамаглі праводзіць структурныя рэформы. Вось гэта тое, што нам сапраўды патрэбна. Відавочна, што з часоў крызісу 2009 году рэальных структурных рэформаў у эканоміцы мы не правялі. І менавіта ў гэтым я бачу самую вялікую каштоўнасьць супрацоўніцтва з Усясьветным банкам, а ня ў пляне крэдыту ці дадатковай крэдытнай лініі».

Дырэктар дасьледчага цэнтру Інстытуту прыватызацыі і мэнэджмэнту Аляксандар Чубрык таксама лічыць, што пытаньне ня ў тым, ці патрэбныя Беларусі крэдыты, а пытаньне ў тым, што Беларусі неабходныя рэформы. Тым больш што чакаць, каб урад уласнымі сіламі праводзіў паўнавартасныя, комплексныя рэформы, не даводзіцца:

«Таму добра мець праграму, якая ўзгодненая паміж урадам і міжнароднымі фінансавымі арганізацыямі і ў якой ёсьць пэўныя ўмовы. То бок грошы даюцца ня проста так, а пад умовы. Калі гэтыя ўмовы ёсьць, гэта значыць, што тады ўрад вымушаны рабіць рэформы. І з гэтага пункту гледжаньня нам патрэбныя грошы міжнародных фінансавых структур, бо яны могуць даць мэханізмы, якія дазволяць паставіць пэўныя мэты, пэўныя арыенціры, выкананьне якіх будзе неабходнае, каб атрымаць чарговую траншу крэдыту».