У горадзе Крымск Краснадарскага краю, найбольш моцна пацярпелым ад паводкі ў мінулыя выходныя, узьнікла паніка пасьля паведамленьняў аб магчымым разбурэньні дамбы і пагрозы новага затапленьня.
Як перадае карэспандэнт Радыё Свабода, тысячы людзей накіраваліся ў раёны горада, якія знаходзяцца на ўзвышшы.
МНС Расіі абвяргае гэтыя паведамленьні, называючы іх правакацыямі, і просіць захоўваць спакой.
Губэрнатар Краснадарскага краю Аляксандр Ткачоў сёньня адхіліў ад пасады кіраўніка Крымскага раёну Васіля Круцько і рэзка скрытыкаваў арганізацыю працаў па ліквідацыі наступстваў паводкі.
Паводле апошніх дадзеных, у выніку стыхійнага бедзтва загінулі больш за 170 чалавек, пацярпелі больш 35 тысячаў жыхароў. Па папярэдніх дадзеных, шкода ад паводкі толькі ў Крымску склала мільярд расейскіх рублёў (каля 35 мільёнаў даляраў).
У Расеі сёньня аб’яўленая агульнанацыянальная жалоба па загінулых.