Някляеў: «Але мог прыляцець і нарвэжац кшталту Брэйвіка з бомбачкай»

Уладзімер Някляеў

Беларускія афіцыйныя крыніцы дагэтуль ніяк не камэнтуюць інцыдэнт са швэдзкім самалётам, які перасек беларускую мяжу і скінуў цацачных мядзьведзікаў у знак падтрымкі дэмакратыі і свабоды слова ў Беларусі. Ці можна сказаць, што ўлады прайграюць інфармацыйную вайну вакол гэтага здарэньня?
Былы кандыдат у прэзыдэнты Ўладзімер Някляеў адзначае, што акцыя швэдаў красамоўна сьведчыць пра рэальны стан беларускага войска, якое больш падрыхтаванае да барацьбы з унутранымі ворагамі, а не з замежным агрэсарам:

«Магчыма, гэта самае сур’ёзнае, што адбылося ў гаспадарцы Лукашэнкі за апошні час. На самалёціку прыляцелі два нармальныя швэды, але мог прыляцець нарвэжац кшталту Брэйвіка з бомбачкай, які мог прыстроіцца ў хвост паветранага параду на Дзень незалежнасьці. І ад гэтай думкі, я мяркую, дыбарам могуць устаць валасы нават на лысіне.

Так што, мяркую, аргвысновы будуць. Магчыма, яны ня будуць афішавацца, аднак цяжка будзе схаваць, напрыклад, зьняцьцё вялікіх вайсковых чыноў.

Па-другое, гэта кажа пра рэальны стан, які ёсьць у нашай дзяржаве. І гэта адказвае на пытаньне, што ёсьць насамрэч наша войска — якое ходзіць на парады разам з гімнастамі, будуе лецішчы вайсковым начальнікам і рыхтуецца ня столькі да вайны са зьнешнім агрэсарам (якога, па сутнасьці, і быць ня можа), а з унутраным ворагам. А ўнутраны вораг адзін — людзі, народ, які незадаволены тым станам, у якім знаходзіцца Беларусь».

Былы старшыня Вярхоўнага Савету Мечыслаў Грыб лічыць, што ўлады выбралі аптымальны для сябе варыянт замоўчваньня гэтага інцыдэнту:

Мечыслаў Грыб

«Што ўлада зараз маўчыць, не камэнтуе — то, мне здаецца, гэта адзінае, што яна можа зрабіць на сёньняшні дзень. І далей яна ня будзе ўзмацняць гэтую справу, рабіць на гэтым акцэнт. Ціхенька правядуць унутраны разбор і, калі трэба, прымуць нейкія захады да нейкіх чыноўнікаў — але нікому пра гэта казаць ня будуць. І вяртацца да гэтай тэмы, як мне здаецца, яны ня маюць намеру. Гэта адзінае, што ім застаецца, і гэтае самае правільнае зь іхняга пункту гледжаньня».

Мэдыя-экспэрт Паўлюк Быкоўскі разважае наконт таго, ці прайграюць улады інфармацыйную вайну вакол акцыі швэдаў:

Паўлюк Быкоўскі

«Беларускія ўлады, напэўна, наўмысна замоўчваюць гісторыю зь мядзьведзікамі, і, праўдападобна, гэта ня самая горшая тактыка для іх. Калі б гэта быў інцыдэнт больш сур’ёзны, кшталту таго, калі быў зьбіты паветраны шар з амэрыканскімі грамадзянамі, то, натуральна, гэта замаўчаць было б немагчыма. Натуральна, замаўчаць цалкам гэтую гісторыю немагчыма — ёсьць інтэрнэт, незалежная прэса. Але разам з тым, калі пра гэта не даведаецца самае шырокае кола людзей, то ўлады будуць задаволеныя і гэтым.

Зь іншага боку, з-за пазыцыі ўладаў ссунуўся акцэнт ва ўспрыняцьці гэтай акцыі. Нагадаю, швэды ставілі за мэту выказаць салідарнасьць зь беларускай апазыцыяй, падтрымаць свабоду слова. Дык вось, гэта ўжо вынесена за дужкі грамадзкага абмеркаваньня, і ідзе гаворка толькі пра тое, ці было гэта, ці не. У гэтым сэнсе ўлады, магчыма, і выйгралі. Аднак для той часткі насельніцтва, якая актыўна цікавіцца палітычнай інфармацыяй, уся гэтая гісторыя будзе выглядаць як пройгрыш уладаў».