Мацкевіч: «Жыхары Ўручча гатовыя адседзець па 15 сутак за сваю тэрыторыю?»

Уладзімер Мацкевіч

Мэтадоляг Уладзімер Мацкевіч лічыць, што без вырашэньня агульных палітычных праблем у краіне развязаньне канфлікту вакол ушчыльненьня ва Ўруччы немагчымае. На просьбу «Свабоды» ён так пракамэнтаваў сёньняшнюю сытуацыю ва Ўруччы.

— Як вы ацэньваеце шанцы мясцовых жыхароў уратаваць свой мікрараён ад ушчыльненьня?

— У краіне, дзе ўвогуле ўлады ня лічацца з думкаю грамадзянаў і для іх грамадзянская актыўнасьць — перашкода ў правядзеньні іхніх рашэньняў, немагчыма дамагчыся перамог у малых справах, ня вырашыўшы палітычных праблем. Гэта пацьвярджаецца ўсімі грамадзянскімі кампаніямі: і па абароне паркаў, і па захаваньні гістарычнай спадчыны, і па экалёгіі, уключаючы атамную электрастанцыю, і ў тым ліку і сёньняшнімі падзеямі ва Ўруччы. Таму я раіў бы кожнаму грамадзяніну задумацца: пры якіх чыньніках ягоная думка магла б быць улічана пры вырашэньні пытаньняў, якія закранаюць яго маёмасьць, жыцьцё і гэтак далей.

— Чаму сярод жыхароў Уручча бракуе салідарнасьці?

— З салідарнасьцю паўстае пытаньне коштаў. А што мы гатовыя плаціць, каб нашыя жаданьні, памкненьні і мэты былі дасягальныя? Давайце абвострым сытуацыю: ці гатовы хто-небудзь заплаціць жыцьцём за тое, каб абараніць тэрыторыю ва Ўруччы? Напэўна, жыцьцё — занадта вялікі кошт для гэтага. А хто гатовы адседзець 15 сутак за гэта? Думаю, ня знойдзецца і такіх. Хто гатовы ахвяраваць па 100 даляраў на хабар чыноўнікам? Давайце спытаем сябе: што мы гатовыя ўкласьці, каб дасягнуць сваёй мэты? Зразумела, што розныя людзі гатовыя плаціць розныя кошты. Адны гатовыя ісьці да канца. Другія кажуць: „Не, вось яшчэ пабузіць троху я гатовы. Ні сядзець, ні мець праблем з уладамі я не хачу“. Салідарнасьць ня ў тым, што хтосьці дапамагае нам вырашыць нашыя праблемы, а калі мы, нават ня маючы карысьлівых інтарэсаў, дапамагаем іншым.

Абгароджаная будаўнічая пляцоўка будучага дома для спэцназу па вуліцы Русіянава.

Ад раніцы 6 ліпеня мясцовыя жыхары сочаць, ці пачнуць пілаваць дрэвы на месцы будучага дома для спэцназу па вуліцы Русіянава. «Людзі назіраюць з-за рога, але калі будуць секчы дрэвы, мы будзем іх абараняць», — расказаў «Свабодзе» мясцовы жыхар Леанід Мажальскі. Ягоная жонка Галіна распавяла, што многія суседзі зьдзіўляюцца, што пасьля ўчорашняга затрыманьня яна і Леанід працягваюць абараняць сквэр:

«Мне кажуць: мы думалі, вы ўжо больш ніколі ня будзеце гэтым займацца». Відаць, іх напалохала міліцыя ўчора".

На Леаніда Мажальскага 5 ліпеня склалі тры адміністрацыйныя пратаколы. Яго абвінавацілі ў тым, што ён 4 ліпеня разам зь іншымі жыхарамі перашкаджаў будаўніцтву, абразіў будаўніка і арганізаваў сход.

Памятны знак герою СССР Івану Русіянаву, усталяваны жыхарамі Ўручча, апынуўся на тэрыторыі будоўлі.