Распаўсюдніка кніг Быкава хочуць пакараць годам «хатняй хіміі»

Алесь Яўдаха

Год «хатняй хіміі» запатрабавала пракуратура для вядомага кнігараспаўсюдніка Алеся Яўдахі. Абвесьцяць прысуд 10 ліпеня ў Кастрычніцкім судзе Менску.
Алесь Яўдаха, які распаўсюджваў праз пошту кнігі Васіля Быкава, Рыгора Барадуліна, Уладзімера Арлова, Міколы Ермаловіча, абвінавацілі ў незаконным прадпрымальніцтве ў буйным памеры. Паводле Алеся Яўдахі, буйны памер ягонай прадпрымальніцкай дзейнасьці даказаць у судзе не ўдалося.

«Гэта яўны перабор. У судовым паседжаньні мая віна была даказаная ня ў тым памеры, як мне інкрымінуюць. Калі лічыць, што доказам віны можа быць толькі эпізод, які пацьверджаны сукупнасьцю доказаў — паказаньнямі сьведак і дадзенымі зь Белпошты, прыкладам — то такіх доказаў значна-значна менш. Таму лічу, што гэта ўсё прыцягнута за вушы. А як там вырашыць суд? Я спадзяюся на апраўдальны вырак ці сама меней на перакваліфікацыю з крымінальнай адказнасьці на адміністрацыйную», — заявіў кнігараспаўсюднік «Свабодзе».