Цэнтравыбаркам адмовіў Вусу ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы

Паводле ЦВК, сход ініцыятыўнай групы быў неправамоцны, прадстаўленыя дакумэнты не адпавядаюць нормам заканадаўства, падрыхтаваныя бязграматна.
5 ліпеня на пасяджэньні ЦВК у Менску разгледжана заява грамадзянаў аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы па рэалізацыі права заканадаўчай ініцыятывы і праекту закону аб унясеньні зьменаў і дапаўненьняў у выбарчае заканадаўства.

На пасяджэньні выступіў кіраўнік групы Дзьмітрый Вус. Ён заявіў, што хоча «не рэвалюцыйнага, а дэмакратычнага разьвіцьця дзяржавы». Ён патлумачыў, што сход адбываўся 1 траўня каля яго дома. У ім бралі ўдзел 162 чалавекі. Сход праходзіў на пляцоўцы плошчай у 14 сотак. Паводле Вуса, менскія ўлады не далі дазволу і памяшканьня для правядзеньня сходу. Ён таксама патлумачыў, што ў Менску сяброў групы правяралі супрацоўнікі КДБ і запужвалі іх. Вус папрасіў ЦВК зарэгістраваць групу, якая зьбярэ 50 тысяч подпісаў.

Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік, назваў пададзеныя дакумэнты ўзорам арганізацыйнай бязграматнасьці ці прымітыўна падрыхтаванай піяр- тэхналёгіяй. Ён адзначыў, што ідэя заканадаўчай ініцыятывы ператвораная ў беспэрспэктыўную авантуру. Маўляў, калі ставілася мэта, каб прымусіць ЦВК адмовіць, то гэтыя дакумэнты для гэтага зусім падыходзяць.

Лазавік патлумачыў. што падчас праверкі, якую зрабіла ЦВК, з 16 чалавек 9 заявілі, што ня ведаюць пра сход, адзін зь сябраў у сьпісе пазначаны двойчы, выяўлена 49 выпадкаў несупадзеньня зьвестак, у некаторых сэрыі і нумары пашпартоў фіктыўныя і гэтак далей. Ініцыятыўная група развальваецца не ад узьдзеяньня ўлады на некаторых сяброў групы, як заяўляў Вус кангрэсу ЗША і ЭЗ, а з-за бязграматнай падрыхтоўкі дакумэнтаў.

Сябра камісіі міністар Сьліжэўскі заявіў, што сам законапраект мае патрэбу ў істотнай дапрацоўцы. Ярмошына сказала,што дакумэнт падрыхтаваны дылетантамі, якія дрэнна ўяўляюць, як пішуцца законы. Законапраект законапраектам не зьяўляецца.