Марцэлеву раяць працаваць дворнікам

Сяргей Марцалеў

У Фэйсбуку былы кіраўнік перадвыбарчага штабу зьняволенага кандыдата ў прэзыдэнты Міколы Статкевіча Сяргей Марцэлеў падзякаваў тым, хто «дапамагаў змагацца за від на жыхарства ў Польшчы».
Пасьля адбыцьця амаль 5 месяцаў у СІЗА КДБ Сяргей Марцэлеў быў асуджаны беларускім судом на 2 гады пазбаўленьня волі ўмоўна. Гэты тэрмін пакараньня павінен скончыцца пасьля 19 ліпеня наступнага году.

Польскія ўлады распачалі працэдуру пазбаўленьня віду на сталае жыхарства Сяргея Марцэлева. Малады палітык атрымаў від на жыхарства ў Польшчы яшчэ ў 2007 годзе. Паводле Марцэлева, пакуль працэдура працягваецца і ён мае мала спадзеваў на станоўчы вынік.

«Я хутчэй выказваю рэфлексіі ў Фэйсбуку, гэта ня ёсьць нейкае канчатковае рашэньне польскіх уладаў. Я прызначыў упаўнаважанага, і там ёсьць шэраг адміністратыўных працэдур, якія трэба выканаць. Магчыма, мне спатрэбіцца яшчэ адзін упаўнаважаны, юрыст. Я цяпер заняты тым,што вызначаюся зь юрыстам, які зможа мне дапамагчы ў Польшчы. Там юрыдычныя паслугі каштуюць даволі дорага. Пабачым на фінал. Але я бачу, што бюракратыя — польская ці беларуская — гэта машына, якая раскручваецца цяжка. А калі махавік раскруціцца, то спыніць яго немагчыма.

Для мяне від на жыхарства — гэта заўсёды была магчымасьць выбраць: ці знаходзіцца мне ў Рэспубліцы Беларусь, ці знаходзіцца легальна ў Польшчы. Гэта ж і права на працу ў Польшчы, умоўна кажучы, нават на нейкую чорную працу. А тут я вельмі моцна абмежаваны, асабліва цяпер, у праве выбраць сабе від дзейнасьці. Там з гэтым было б прасьцей. Крымінальна-выканаўчая інспэкцыя рэкамэндуе мне тут вакансію дворніка і нават абяцае даць станоўчую характарыстыку. Вельмі міла зь іх боку. У Польшчы я быў апошні раз у ліпені 2010 году. Потым былі выбары, потым я сядзеў, а потым мне далі два гады ўмоўна. Вось гэтыя два гады ўмоўна я павінен сядзець на месцы. Любая спроба ўлева-ўправа — гэта называецца ўцёкі. Таму ў любым выпадку я вымушаны знаходзіцца ў Беларусі, пакуль у мяне дзейнічаюць гэтыя абмежаваньні. Ну, і на 342 артыкул не распаўсюджваецца амністыя. Мы будзем адбываць свой тэрмін поўнасьцю. Але сваё жыцьцё трэба будзе неяк уладкоўваць, калі я ня буду запатрабаваны як чалавек. Тут я хто? Чалавек судзімы, не 20-ці гадоў. У Польшчы пры тых кваліфікацыях, якія я маю, я магу працаваць у рэкляме ці маркетынгу. Там бы я сабе працу знайшоў».

Падчас прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі 2010 году Сяргей Марцэлеў кіраваў перадвыбарчым штабам Міколы Статкевіча. 23 сьнежня быў зьняты зь цягніка, на якім ехаў у Варшаву. Спачатку абвінавачваўся ў арганізацыі масавых беспарадкаў. Асуджаны судом Заводзкага раёну Менску на 2 гады пазбаўленьня волі ўмоўна за арганізацыю дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак.