У Баранавічах затрымалі Арцёма Бабея

Баранавіцкага моладзевага актывіста Арцёма Бабея затрымалі «для высьвятленьня асобы». Міліцыянты кажуць, што ён падобны да злачынцы.
Пра затрыманьне карэспандэнту «Свабоды» паведаміў сам Арцём Бабей: «Затрымалі на плошчы падчас праходжаньня турнікету. Сказалі, што з выгляду я падобны да нейкага злачынцы. Зараз вось вядуць у пастарунак разьбірацца».

Бабей яшчэ за некалькі гадзін да затрыманьня паведамляў карэспандэнту «Свабоды», што за ім сочаць міліцыянты. У адным зь іх маладзён пазнаў маёра Паўла Кульгавіка, які год таму падчас гутаркі папярэджваў актывіста пра недапушчальнасьць удзелу ў маўклівых акцыях пратэсту.

Арцём Бабей выказаў меркаваньне, што міліцыянты затрымалі яго прэвэнтыўна, каб «часам ня вывесіў якой расьцяжкі ў дзяржаўнае сьвята».

Арцёма Бабея пратрымалі ў пастарунку каля гадзіны, пасьля адпусьцілі. Хлопцу не было выстаўлена ніякіх прэтэнзій.