Перамовы па Сырыі прасоўваюцца «цяжка»

Байцы Сырыйскай свабоднай арміі абараняюць ад урадавых войскаў сяло Талду, непадалёку ад гораду Хоўла. Чэрвень, 2012

Тым часам у самой Сырыі ўзялі штурмам прымесьце Дамаску
Дыпляматы, што ўдзельнічаюць у міжнароднай сустрэчы па Сырыі, якая праходзіць сёньня ў Жэнэве, паведамляюць, што перамовы ідуць цяжка. Тым ня менш, у перапынку кіраўнік замежнапалітычнага ведамства ЭЗ Кэтрын Эштан заявіла, што надзея на дасягненьне згоды ўсё ж ёсьць.

Адна з удзельніц сустрэчы паведаміла агенцтву Reuters, што рэзалюцыя, хутчэй за ўсё, не будзе прынятая ў тым выглядзе, у якім яна была прэзэнтаваная міжнародным пасланцам ў Сырыі Кофі Ананам.

Расейскі бок прапануе правесьці ў Маскве міжнародную сустрэчу з удзелам членаў сірыйскага ўрада і прадстаўнікоў апазыцыі.

У сёньняшніх перамовах удзельнічаюць міністры замежных спраў пяці пастаянных членаў Рады Бясьпекі ААН, а таксама прадстаўнікі Турэччыны, Кувэйту, Катару, генэральны сакратар ААН Пан Гі Мун, кіраўнік Лігі арабскіх дзяржаў Набіль Эль-Арабі і вярхоўная прадстаўніца ЭЗ Кэтрын Эштан.

Тым часам у самой Сырыі працягваюцца баі. Праваабаронцы паведамляюць, што сёньня ў краіне загінулі прынамсі 16 чалавек. Пасьля шматтыднёвай аблогі ўрадавыя войскі ўвайшлі ў прымесьце Дамаску – Думу. Урадавыя салдаты праводзяць ператрусы ў шпіталях – у пошуках апазыцыянэраў, параненых пры абароне кварталу.