«Die Welt»: Ці далучыцца Мэркель да сумнеўнай кампаніі ў Кіеве?

«Ён нясе адказнасьць за тое, што ў эўрапейскай краіне ўсё яшчэ практыкуецца сьмяротнае пакараньне, а кандыдатаў на прэзыдэнта кідаюць у турмы. Прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка знаходзіцца ў міжнароднай ізаляцыі. Аднак, як стала цяпер вядома, ён зьбіраецца заехаць у Кіеў, каб 1 ліпеня папрысутнічаць у якасьці ганаровага госьця на фінале эўрапейскага першынства па футболе», — піша нямецкае выданьне «Die Welt» і працягвае:

«Лукашэнка кіруе Беларусьсю з 1994 году. Паводле вызначэньня праваабаронцаў, палітыкаў, нарэшце — міністра замежных спраў Гіда Вэстэрвэле, ён — „апошні дыктатар Эўропы“. Выглядае, што гэтай мянушцы Лукашэнка ніякай рады ня дасьць, і сёлета ў сакавіку ён заявіў: „Лепш дыктатар, чым гей“

Прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч пацьвердзіў, што хацеў бы бачыць яго побач з сабою на фінале. Заходнія ж палітыкі адмаўляюцца ехаць ва Ўкраіну ў знак пратэсту супраць абыходжаньня ўкраінскага кіраўніка са зьняволеным экс-прэм’ерам, хворай жанчынай Юліяй Цімашэнкай. Што да канцлера Нямеччыны Ангелы Мэркель, то яна, паводле паведамленьняў СМІ, павінна ўзважыць усе „за“ і „супраць“ што да сваёй прысутнасьці на фінале. Ці апынецца яна там, ці далучыцца да сумнеўнай кампаніі, будзе вызначана пазьней».