У Расеі знайшлі нелегальны тытунь зь Беларусі

Міністэрства фінансаў Расеі занепакоенае зьяўленьнем на расейскім рынку нелегальнай тытунёвай прадукцыі зь Беларусі і Казахстану.
Пра гэта заявіў статс-сакратар, намесьнік міністра фінансаў Расеі Сяргей Шаталаў на канфэрэнцыі Асацыяцыі эўрапейскага бізнэсу 28 чэрвеня ў Маскве.

Ён нагадаў, што стаўкі акцызаў на тытунёвую прадукцыю ў Расеі істотна адрозьніваюцца ад адпаведных ставак у Беларусі і Казахстане.

«У Расеі яны значна вышэйшыя: па тытуні — прыкладна ў два разы вышэйшыя, чым у Казахстане і Беларусі, а па некаторых відах прадукцыі гэтая розьніца істотная. Напрыклад, па цыгарэтах бязь фільтра гэтая розьніца — у шэсьць-сем разоў», — цытуе Шаталава РИА Новости.

«Гэта прыводзіць да таго, што на нашым рынку зьяўляюцца цыгарэты з чужымі маркамі. Асабліва гэта відаць на Паўночным Каўказе, дзе шмат цыгарэт з Казахстану і Беларусі», — сказаў Шаталаў.

Ён паведаміў, што прадстаўнікі міністэрстваў фінансаў трох краін вядуць цяпер перамовы аб гарманізацыі акцызаў на тытунь і алькаголь.