Amnesty International назвала Пачобута вязьнем сумленьня

Андрэй Пачобут

«Журналіст Андрэй Пачобут знаходзіцца пад пагрозай турэмнага зьняволеньня на тэрмін да пяці гадоў за крытыку прэзыдэнта Беларусі. Ён зьяўляецца вязьнем сумленьня і арыштаваны ў сувязі з ажыцьцяўленьнем свайго права на свабоду выказваньня меркаваньняў», — гаворыцца ў тэрміновай заяве міжнароднай праваабарончай арганізацыі Amnesty International.

«Карэспандэнт польскай Gazety Wyborczej і выбітны актывіст польскай меншасьці ў Беларусі Андрэй Пачобут быў арыштаваны 21 чэрвеня ў сваёй кватэры ў горадзе Гродна на захадзе Беларусі. Яго абвінавачваюць у „паклёпе на прэзыдэнта“ паводле артыкула 367 (2) Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь у сувязі з публікацыяй артыкулаў у беларускіх незалежных СМІ. Афіцыйнае абвінавачаньне яшчэ не прад’яўленае. Яго могуць зьняволіць на тэрмін да пяці гадоў.

У сваіх артыкулах Андрэй Пачобут крытыкаваў судовы працэс і вырак у справе Ўладзіслава Кавалёва і Дзьмітрыя Канавалава, якія былі расстраляныя ў сакавіку 2012 году ў сувязі з сэрыяй тэрарыстычных актаў у Беларусі. Ён таксама выступіў з крытыкай пазыцыі прэзыдэнта Лукашэнкі ў дачыненьні да Эўрапейскага Зьвязу і рэакцыі беларускіх уладаў на хвалю „маўклівых пратэстаў“ у краіне.

21 чэрвеня ў ягонай кватэры быў праведзены ператрус, у выніку чаго ягоны камп’ютар і дакумэнты былі канфіскаваныя. У сакавіку 2011 году Андрэй Пачобут быў абвінавачаны ў „абразе прэзыдэнта“ і „паклёпе на прэзыдэнта“ ў сувязі з публікацыяй артыкулаў у Gazecie Wyborczej. 5 ліпеня 2011 году ён атрымаў тры гады зьняволеньня з адтэрміноўкай выкананьня пакараньня.

Amnesty International лічыць, што арышт Андрэя Пачобута — частка працяглай кампаніі перасьледу актывістаў грамадзянскай супольнасьці і журналістаў з боку беларускіх уладаў. Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у сьнежні 2010 году адбылося беспрэцэдэнтнае пагаршэньне сытуацыі з правамі чалавека ў краіне. Вядучых апазыцыйных дзеячаў затрымалі і асудзілі ў выніку несправядлівых судовых пасяджэньняў. НДА, актывісты грамадзянскай супольнасьці і журналісты па-ранейшаму зазнаюць перасьлед у сувязі з крытыкай уладаў», — гаворыцца ў заяве, пераклад якой быў зроблены праваабарончым цэнтрам «Вясна».

Amnesty International зьвяртаецца да ўсіх зацікаўленых асобаў і арганізацыяў з заклікам патрабаваць ад беларускіх уладаў «неадкладнага і безумоўнага вызваленьня Андрэя Пачобута», а таксама «забесьпячэньня гарантыяў на свабоду выказваньня меркаваньняў у адпаведнасьці зь міжнароднымі абавязаньнямі ў галіне правоў чалавека, у тым ліку артыкула 19 Міжнароднага Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах».