Навасяд ідзе на выбарчы экспэрымэнт

Уладзімер Навасяд

На восеньскіх выбарах у Палату прадстаўнікоў афіцыйна не зарэгістраваная Партыя свабоды і прагрэсу вылучыць аднаго кандыдата.
Такое рашэньне прыняло 24 чэрвеня партыйнае кіраўніцтва, паведаміў «Свабодзе» старшыня аргкамітэту ў справе стварэньня партыі Ўладзімер Навасяд:

«Мы вырашылі зрабіць своеасаблівы экспэрымэнт — выкарыстаць усе нашыя магчымасьці ў адной выбарчай акрузе. Яна будзе ў сталічным мікрараёне Серабранка, дзе я вылучаўся на папярэдніх выбарах і дзе буду вылучацца зноў.

Мы разумеем сытуацыю так: альбо вылучаем групу кандыдатаў і рухаемся ў фарватэры ўладаў, дапамагаючы ім правесьці кампанію, зьнешне падобную да дэмакратычнай, альбо праводзім выбары такімі, як яны ёсьць, у асобна ўзятай акрузе. Таму мы і вырашылі вылучаць толькі аднаго прэтэндэнта.

Наша партыя не зарэгістраваная. І таму мы будзем зьбіраць галасы выбарцаў і за маё вылучэньне, і за нашых кандыдатаў у выбарчыя камісіі. У Серабранцы нас добра ведаюць, мы ведаем людзей. І спадзяемся, што яны нас падтрымаюць».