Маёр ваеннай авіяцыі Лю Ян стане першай кітайскай жанчынай-касманаўтам. Запуск касьмічнага карабля Шэньчжоў-9 прызначаны на суботу, 16 чэрвеня.
Як заявілі сёньня ў кіраўніцтве кітайскага касьмічнага ведамства, 34-гадовая Лю Ян, ураджэнка правінцыі Хэбэй, адправіцца ў космас на 10 дзён з двума іншымі калегамі. У ходзе палёту яны зоймуцца праверкай сыстэм жыцьцезабесьпячэньня касьмічнай станцыі Цяньгун, выведзенай на арбіту ў мінулым годзе.
Калі суботні запуск пройдзе ўдала, Кітай стане трэцяй у сьвеце краінай пасьля СССР і ЗША, якая самастойна адправіла на арбіту жанчыну-касманаўта.