Расея і ЗША ўсклалі адзін на аднаго адказнасьць за гвалт у Сірыі

Дзярждэпартамэнт ЗША закідае Крамлю пастаўкі зброі рэжыму Асада, Масква абвінавачвае Вашынгтон ва ўзбраеньні сірыйскіх паўстанцаў.

Дзяржаўны сакратар ЗША Гілары Клінтан зноў абвінаваціла Расею ў пагаршэньні сытуацыі ў Сірыі, паколькі Расея пасылае ваенныя гелікоптэры рэжыму Башара Асада. Клінтан таксама выказала расчараваньне тым, што Расея праігнаравала неаднаразовыя просьбы прыпыніць ваенныя сувязі з Сірыяй.

Міністар замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў зьняпраўдзіў зьвесткі пра пастаўкі гелікоптэраў Дамаску. Паводле яго, расейскія пастаўкі зброі Сірыі адбываюцца па раней заключаных кантрактах, і пастаўляюцца толькі сыстэмы супрацьпаветранай абароны.

У сваю чаргу, кіраўнік расейскага МЗС абвінаваціў ЗША ва ўзбраеньні сірыйскіх паўстанцаў. Гілары Клінтан зьняпраўдзіла гэтыя абвінавачваньні.