Ужо сёньня, 12 чэрвеня: Мартынаў у Інданэзіі, спадарыня Эл у музэі, расейцы ў Варшаве.

Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.

УДЗЕНЬ...

...пераменная воблачнасьць, без дажджу. Тэмпэратура: +16 — +21.

НЕ ПРАПУСЬЦІЦЕ:

У вечаровым эфіры Свабоды перадачы «Экспэртыза», «Бібліятэка Свабоды», «Падарожжа» і «Гамбурскі рахунак Бахарэвіча».

У БЕЛАРУСІ І СЬВЕЦЕ

Міністар замежных справаў Беларусі Сяргей Мартынаў зь візытам у Інданэзіі.

У Слоніме пройдзе суд над актывісткай БХД Вольгай Пансевіч, якую зьбілі міліцыянты. Яе вінавацяць у непадпарадкаваньні міліцыі і нецэнзурнай лаянцы.

У Дзяржаўным музэі гісторыі беларускай літаратуры (Менск, вуліца М. Багдановіча 13) адбудзецца прэзэнтацыя новага выданьня паэта Леаніда Дранько-Майсюка «Кніга для спадарыні Эл». Пачатак а 17.00.

У вялікай залі Музэю сучаснага выяўленчага мастацтва (пр. Незалежнасьці, 47) адбудзецца адкрыцьцё выставы графікі Юліяна Ярданова (Баўгарыя). Пачатак а 17.00.

На футбольным чэмпіянаце Эўропы матчы Грэцыя-Чэхія (Уроцлаў) і Польшча-Расея (Варшава).

12 чэрвеня ― Дзень Расеі. Расейская апазыцыя заклікае адзначыць гэты дзень пратэстамі ў Маскве супраць прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна.

12 чэрвеня ― Сусьветны дзень барацьбы зь дзіцячай працай.

* * *

Паважаныя наведнікі сайту! Дапамажыце больш поўна прадставіць беларускі дзень — дашліце інфармацыю пра плянаваныя падзеі, якія будуць цікавыя нашым чытачам, на адрас svaboda@rferl.org.

ТАКСАМА Ў ГЭТЫ ДЗЕНЬ

1812 — напалеонаўскія войскі перайшлі Нёман, пачынаючы вайну з Расеяй.

1990 — прынята Дэклярацыя аб дзяржаўным сувэрэнітэце РСФСР.

1991 — Барыс Ельцын абраны прэзыдэнтам Расеі.

У гэты дзень нарадзіліся:

1895 — Леапольд Радзевіч, беларускі драматург, тэатральны і нацыянальны дзеяч. Аўтар п’есаў: «Пакрыўджаныя», «Блуднікі», «Зьбянтэжаны Саўка» і іншых. Рэпрэсаваны, расстраляны ў 1938.

1911 — Мікола Панькоў (Дзьвінск, цяпер Даўгаўпілс, Латвія), журналіст, бібліяфіл, дзяяч эміграцыі ў Нямеччыне і ЗША.

У гэты дзень памерлі:

1997 — Булат Акуджава, расейскі бард, паэт, пісьменьнік.

1998 — Антон Адамовіч, беларускі літаратуразнаўца, гісторык, празаік.

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:

«Працуй, Беларусь,
На хвалу для людзей;
Кажы, Беларусь,
Сваю праўду сьмялей;
Удар, Беларусь,
Ў вечавы гулкі звон.
Узары, Беларусь,
Свой забыты загон.
Гэй, скінь, Беларусь,
Ярмо цьмы прошлых лет!
Жыві, Беларусь,
Каб жылі воля, сьвет!»

Леапольд Радзевіч