Лукашэнка да 18 чэрвеня прызначыць дату выбараў

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка ў бліжэйшыя 10 дзён прыме рашэньне аб прызначэньні даты парлямэнцкіх выбараў, якія павінны прайсьці восеньню гэтага году.
Пра гэта паведамілі Інтэрфаксу ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы пасьля сустрэчы Лукашэнкі са старшынёй Цэнтравыбаркаму Лідзіяй Ярмошынай.

«Я дагэтуль лічу, што мы ў гэтым годзе не павінны ні пад кога падладжвацца. Вы ўжо пераканаліся па мінулых нашых падобных мерапрыемствах, што падзякі мы ад гэтага не атрымаем. Дый ня трэба нам ні ад кога падзякі», — сказаў Лукашэнка.

Лідзія Ярмошына заявіла, што Беларусь ня пойдзе на ўнясеньне зьмяненьняў у выбарчае заканадаўства да парлямэнцкіх выбараў.

«У студзені 2010 году ў выбарчае заканадаўства былі ўнесеныя зьмены, якія значна дэмакратызавалі выбарчы працэс у нашай краіне. Уся гэтая працэдура прайшла ў адпаведнасьці з рэкамэндацыямі АБСЭ », — адзначыла кіраўніца ЦВК.

Кастусёў: «Абмяркуем сытуацыю 23 чэрвеня на Сойме»

«Ці паўплывае гэтае рашэньне на стаўленьне Партыі БНФ да выбарчай кампаніі ў Палату прадстаўнікоў?» — з такім пытаньнем «Свабода» зьвярнулася да намесьніка старшыні партыі Рыгора Кастусёва.

«Пра тое, што зьменаў у выбарчае заканадаўства ня будзе, Лукашэнка выказваўся ўжо раней, яшчэ некалькі месяцаў таму. Такім чынам, гэтая інфармацыя для нас ня новая.

На сёньняшні дзень ёсьць рашэньне Сойму, што мы вылучаем нашых кандыдатаў са зьняцьцём. Гэта азначае, што калі ня будуць выкананыя пэўныя ўмовы — вызваленыя палітвязьні і нашы прадстаўнікі ня будуць уключаныя ў склад выбарчых камісіяў — то мы здымаем сваіх кандыдатаў. Пакуль што існуе гэтая пазыцыя. 23 чэрвеня пройдзе бліжэйшы Сойм. І ён канчаткова прыме рашэньне па варыянце ўдзелу ў выбарчай кампаніі».