Суд вяртаецца да справы зьнішчэньня парку 40-годзьдзя Кастрычніка

Месца будоўлі гатэльнага комплексу «Пэкін» — парк 40-годзьдзя Кастрычніка. Панарама будаўніцтва. Архіўны здымак

8 чэрвеня ў судзе Фрунзенскага раёну Менску адбудзецца другое пасяджэньне ў справе зьнішчэньня парку 40-годзьдзя Кастрычніка і будаўніцтва на яго месцы гатэля «Пекін».
Як стала вядома напярэдадні пасяджэньня, прыватная скарга на дзеяньні судзьдзі, пададзеная юрыстам Сяргеем Магонавым яшчэ 1 траўня, дагэтуль не адпраўленая ў гарадзкі суд.

«Калі жыхары мікрараёну, дзе секлі парк, падавалі пазоў у суд, яны дадалі хадайніцтва аб спыненьні ўсіх будаўнічых дзеяньняў да вынікаў суду. Паводле закону судзьдзя мусіла ў той жа дзень хадайніцтва задаволіць альбо адхіліць. Але судзьдзя адмовіла на яго толькі праз 2 тыдні, сфармуляваўшы матывацыю адным словам: «Немэтазгодна», — тлумачыць адна з актывістак «Зялёнай сеткі» Марына Дубіна.

На гэтыя дзеяньні судзьдзі юрыст і падаў прыватную скаргу. Калі ў ходзе судовага пасяджэньня высьветліцца, што скарга не была адпраўленая ў вышэйшую ўстанову (гарадзкі менскі суд), то пазоўнікі будуць хадайнічаць аб адводзе судзьдзі.

Месца будоўлі гатэльнага комплексу «Пэкін» — парк 40-годзьдзя Кастрычніка — было абрана інвэстарам, камэрцыйнай кампаніяй з Кітаю. Пасьля пратэстаў жыхароў навакольных дамоў улады паабяцалі скараціць высечку дрэваў да мінімуму, але плянаў пабудаваць гатэль ня кінулі.